Там, дзе з крывёй салёнай
Ліліся ручаі,
Коннікі старыя сышліся ў баі..

Перацёрся на кабыле падсядзёлак,
У дарозе тыдзень, за золкам золак,
Ты крыжак ня смейся, што на зброю не багаты -
Дзеці мае сытыя, хоць і не магнаты
Па засценках шляхтай рос і гадаваўся,
Хоць не селянін, ды работы не цураўся
Рыцар, ты ня смейся з маiх заплатаў -
Гэта жонка мая шыла ў змроку курнай хаты.

Ох трымай, кабылка мая, трымай -
Наважаю ў канюшыну, не ў малачай...
Ох не дрыжы ты, маё кап’ё -
Стала ты радней мне, чым касіўё...
І няхай са сцягами ляціць увыш
Крыж Ягелонаў, Ярылы крыж!

Мне шукаць бы дома шчасця, а не смерць у полі,
Пеставаць бы дочак станам тонкіх як таполі,
З сынам стог складаць, каб корм не змок пад перунамі,
Ды і у цябе, напэўна, дома немка з немчукамі.
А хочаш, рыцар, яблык? У мяне іх цэлы кош -
Сын натрос у садзе, там дзе ходзяць басанож,
Дзе ж ты такі смак яшчэ адчуеш?
Навошта ж ты меня і сябе са мной губіш?

Ох трымай, кабылка мая, трымай -
Наважаю ў канюшыну, не ў малачай...
Ох не дрыжы ты, маё кап’ё -
Стала ты радней мне, чым касіўё...
Няхай са сцягами ляціць увыш
Крыж Ягелонаў, Ярылы крыж!

Ну, крыжак, трымайся! Не забыўся памаліцца?
Хопіць заляцацца як дзявочая спадніца!
Я адзін і ты адзін, не дапаможа зграя,
Хай смяротнай песняй нас жалеза ўкалыхае!
Сутыкнулісь коннікі, заспявала зброя...
Рыцар, ты прабач, але ж не быць табе героем.
Смерць твая і мне таксама не прайшла дарма -
Ліецца за каўнер струмень чырвонага цяпла...

Ох трымай, кабылка мая, трымай -
Наважаю ў канюшыну, не ў малачай...
Ох не дрыжы ты, маё кап’ё -
Стала ты радней мне, чым касіўё...
Няхай са сцягами ляціць увыш
Крыж Ягелонаў, Ярылы крыж!