Праз дзень я падыходзіў да дома Дубатоўка. Я не жадаў ісці, але гаспадыня сказала: «Ідзіце, я загадваю. Мне не будзе тут страшна».
І я пайшоў. Пайсці мне давялося зусім у другі бок ад дома, па паўднёвы ўсход. Зарослая травою алея, паабапал якой стаяў змрочны, як лес, парк, давяла мяне да агароджы. У адным месцы тут не было прэнта (гэта была таямніца Надзеі Яноўскай, якую яна мне выкрыла), і можна было пралезці. Гэта было добра, бо мне не давялося, такім чынам, ісці на поўнач, па той алеі, па якой я прыехаў, абмінаць увесь парк і толькі тады ісці да дома Дубатоўка. А так я пралез праз агароджу і выбраўся па роўнае месца. Злева і наўпрост ад мяне былі бязмежныя верасовыя пусткі з рэдкімі купамі дрэў, справа нейкія зарасці, за імі поўная, як вока, рэчка, потым балотны скарлючаны лес, а пасля, відаць, сапраўдная і безнадзейная дрыгва. Недзе вельмі далёка віднеліся за верасовымі пусткамі верхавіны дрэў, відаць, абсада дома Дубатоўка.
Я павольна ішоў пусткаю, толькі часам трапляючы на штосьці падобнае да сцежкі. І хоць асенняе поле было змрочным і непрытульным, хоць двойчы над маёй галавою пралятаў вялізны крук - мне было тут лёгка пасля Балотных Ялін. Тут было ўсё звычайным: імхі на купінах балотцаў, сухі верас паміж імі, мышка-малютка, якая цягнула з высокага бадзяку белы пух, відаць, у сваё гняздо, гатуючыся на зіму.
Я падышоў да дома Дубатоўка толькі ў прысмерку, калі вокны яго былі ярка асветлены. Гэта быў самы звычайны шляхецкі дом. Старажытнай пабудовы, прысадзісты, з вельмі маленькімі акенцамі, ён быў крыты гонтай, чыста пабелены, меў ганак з чатырма калонамі. Правінцыяльны архітэктар не ведаў, відаць, вядомага сакрэту, і таму калоны здаваліся трохі пукатымі ўсярэдзіне, як бачонкі. Акружала дом старая абсада з жоўтых, амаль ужо абляпаных агромністых ліп. За домам вялікі пераважна фруктовы сад, за ім - хустка ўзаранай зямлі.
Я, відаць, спазніўся, бо за вокнамі ўжо грымелі галасы. Сустрэлі мяне горача і страсна.
- Бацюхны, свентыя пакутнічкі! - крычаў Дубатоўк. - З'явіўся-такі, з'явіўся, блудны сын. За стол яго, за стол. Антось, дзе ты там, лабідуда? Разгонную госцю. Прахлопалі, чэрці, нават не салютавалі яму, страмянной не паднеслі. У, ёлупы...
За сталом сядзела чалавек дзесяць, усё мужчыны. Знаёмыя мне былі толькі Свеціловіч, Алесь Варона і Стахоўскі. Амаль усе ўжо былі даволі п'яныя і разглядалі мяне чамусьці з павышанай цікаўнасцю. Стол ламаўся ад страў: відаць, Дубатоўк быў з мясцовых заможных шляхцюкоў. Заможнасць была, аднак, адносная. Есці і піць было што, але пакоі, праз якія я ішоў, не вызначаліся багатым абсталяваннем. Сцены пабеленыя, аканіцы разьблёныя і ярка афарбаваныя, мэбля старая і не вельмі прыгожая, затое вельмі цяжкая. Старасвеччына глядзела з кожнага кута. У сталовай, акрамя шырокага дубовага стала, табурэтаў, абцягнутых зялёнай шаўкавістай палаценкай, двух данцыгскіх крэслаў, абабітых пазалочаным саф'янам, ды трайнога люстэрка ў карычневай раме, якая перадавала горад з царкоўнымі главамі, нічога не было. Страката апранутыя госці глядзелі на мяне.
- Што вы вочы ўтаропілі! - гаркнуў Дубатоўк. - Сталічнага чалавека не бачылі, мядзведзі, ці шт�? Ану, дапамажыце госцю, пакладзіце на яго блюда, што вам па густу.
Валасатыя зяпы заўсміхаліся, лапы началі рухацца. Хутка на маім блюдзе ляжаў вялізны гусь з бруснічным варэннем, індыковая ножка з яблыкамі, салёныя грыбы, дзесятак калдуноў, а з усіх бакоў толькі і чутна было:
- А вось пампушкі з часнаком... А вось, пане, кавалак шыначкі дзікага япрука, наперчаны, агнём гарыць. Памяццю маці заклінаючы - вазьміце... А вось цудоўная... А вось незвычайны...
- Вось як у нас па-беларуску частуюць, - рагатаў гаспадар, пабачыўшы, што я зусім разгубіўся.
Перада мною вырасла гара. Я паспрабаваў пратэставаць, але выклікаў такі выбух абурэння (у аднаго з гасцей нават слёзы пацяклі; праўда, ён быў трохі нападпітку), што я здаўся.
Лабідуда Антось прынёс мне на падносе «разгонную» чарку. Я вельмі моцны на хмель чалавек, але тут я разгубіўся. У чарцы было не менш як на бутэльку нейкай жоўтай празрыстай вадкасці.
- Не магу.
- Як гэта не магу? Не можа толькі цнатлівая дзеўка, ды і тая хутка згаджаецца.
- Многа, пан Дубатоўк.
- Многа, калі тры жонкі ў хаце, ды і то не для кожнага... Э-э, хлопцы, нас не паважаюць. Прасіце шаноўнага госця.
- Не чыніце крыўды... Выпіце, - зараўлі госці мядзведжымі галасамі.
Давялося выпіць. Вадкасць апаліла ўсе мае вантробы, вогненныя кругі захадзілі ў галаве, але я стрымаўся, не скрывіўся.
- Мужчына! - пахваліў Дубатоўк.
- Што гэта? - праглынуўшы добры кавалак шынкі, спытаў я.
- Го! Старку польскую ведаеш, гарэлку ведаеш, хахлацкі спатыкач таксама, а нашага «трыс дзівінірыс» не ведаеш. Гэта, браце, па-літоўску* «тройчы дзевяць», гарэлка на дваццаці сямі травах. Мы яе сакрэт у літоўцаў выведалі стагоддзі таму. Зараз яе і самі літоўцы забылі, а мы яшчэ памятаем. Пі на здароўечка, пасля я цябе стаўным мёдам пачастую.
* Тут маюцца на ўвазе балты-жамойты. (Заўв. рэдактара)
- А гэта што? - спытаў я, торкаючы відэльцам у нешта цёмнае на талерцы.
- Каханенькі ты мой, гэта ласіныя губы ў падсалоджаным воцаце. Еш, браце, сілкуйся. Гэта страва для волатаў. Продкі нашы, зямля ім пухам, не дурныя былі. Еш, абавязкова іх еш.
А праз хвіліну, забыўшыся, што рэкамендаваў «губы», крычаў:
- Не, браце, ты ў мяне адсюль, не пакаштаваўшы халодных пірагоў з гусінай пячонкай, не пойдзеш. Антось, сюды!
Падышоў Антось з пірагамі. Я быў адмовіўся.
- Падай да госця ў ногі. Бі дурной галавою ў падлогу, прасі, бо госць нас крыўдзіць.
Праз хвіліну я быў таксама нападпітку. Вакол крычалі, спявалі, але я не забываў есці. Дубатоўк вісеў у мяне на плячы і дудніў нешта, што я не вельмі і слухаў. Пакой пачынаў разгойдвацца.
 
А-а вып'ем чарку,
А за ёй дру-гу-ю, -
 
роў нехта. І раптам я прыпомніў далёкі дом у яловым парку, бараду моху на дрэвах, камін, сумную постаць ля яго. Мне стала сумна. «Я п'яная свіння, - паўтараў я, - нельга раскашаваць, калі іншаму дрэнна». І так мне стала шкада яе, што я паспрабаваў заплакаць і... адразу зрабіўся цвярозым. Госці ўставалі з-за стала.
- Панове, - казаў Дубатоўк, - вы прагуляйцеся трошкі, трэба стол паднавіць.
Божа, гэта быў яшчэ толькі пачатак! А яны ж былі ўжо добра напітыя. Было восем гадзін вечара. Нічога. Яшчэ рана. Я ведаў, што, так раптоўна працверазеўшы, я больш не буду сёння п'яным, але ўсё ж вырашыў піць асцярожна, бо яшчэ ў балоце загразнеш - будзе тады штука.
Разважаліся. Дубатоўк паказваў добрую калекцыю зброі. Вельмі хваліў адну старую шаблю, якую выпрасіў у Рамана Яноўскага. Казаў, што расейскі булат бярэ медную пласціну, польская «зыгмунтоўка» даволі тоўсты цвік, а гэта - наша, сакрэт яшчэ татары пры Вітаўце завезлі. І ўнутры ртуць, удар такі, што не тонкую медную пласцінку возьме, але і тоўстую. Яму не верылі. Ён раскрычаўся, загадаў Антосю прынесці чурак. Антось унёс у пакой кароткае бервяно таўшчынёю ў тры чалавечыя шыі, паставіў на падлогу.
Усе прыціхлі. Дубатоўк прымерыўся, выскаліўся, і раптам шабля апісала ў паветры амаль нябачнае паўкола.
Хакнуўшы нутром, Дубатоўк пацягнуў шаблю на сябе і... перасек бервяно наўскос. Памахаў кісцю рукі ў паветры. Усе маўчалі, прыгаломшаныя.
- Вось як трэба, - каротка сказаў ён.
У гэтай пярэрве мне ўдалося адвесці Свеціловіча на ганак і, напамятаўшы яму ягоныя словы, расказаць пра ўсё, што адбывалася ў Балотных Ялінах. Ён надта ўсхваляваўся, сказаў, што чуў пра ўсё гэта і раней, але не вельмі верыў.
- Цяпер верыце?
- Вам веру, - проста сказаў ён. - І абяцаю вам, пакуль я жывы, ніводны волас не ўпадзе з яе галавы. Д'ябал гэта, здань або штосьці іншае - я стану на ягоным шляху.
Мы дамовіліся, што ён і я будзем расследаваць гэту справу разам, што ён праз дзень прыйдзе да мяне і раскажа, пра што ён даведаўся ў наваколлі (розныя пагалоскі і плёткі маглі прынесці пэўную карысць). Дубатоўка вырашылі пакуль што ў справу не блытаць: стары мог разнервавацца і, па сваім звычаі, секчы з пляча.
Вячэра цягнулася далей. Зноў частавалі, зноў пілі. Я заўважыў, што Дубатоўк падлівае сабе і мне роўна, п'е і дапытліва паглядае на мяне. Калі я выпіваў чарку, на яго твары з'яўляўся выраз задавальнення. Гэта было сваероднае падбухторванне на спаборніцтва. А ў пярэрвах ён прапаноўваў то «бліны з мачанкаю», то «надзвычайныя штонікі з мясам, так і плаваюць у масле, святыя такіх не елі». Відаць, ён апрабоўваў мяне з усіх бакоў. Я піў і амаль не п'янеў.
Астатнія, акрамя Свеціловіча, былі ўжо ў тым стане, калі кожны не слухае, што кажа другі, калі твары чырвоныя, калі адзін спявае, другі расказвае сябру пра гісторыю з яго каханкай, трэці наддзіраецца, каб звярнуць увагу ўсіх на нейкі каларытны факт сваёй біяграфіі, а чацвёрты сам сабе распавядае, якая добрая ў яго была маці, і які ён п'янюга, і які ён ганебны: няварты такой маці сын.
Спявалі, цалаваліся. Нехта выў:
 
Мая жонка ў хаце,
А я п'ю, гуляю.
Карчмару вала, а душу
Д'яблу прапіваю.
 
Другі цягнуў сваё:
 
Раскажыце мне, добры людзейкі,
Дзе мой любы начуе.
Калі ў дальняй дарозе -
Памажы яму, Божа,
Як ва ўдовачкі на пасцелечцы -
Пакарай яго, Божа.
Як ва ўдовачкі на пасцелечцы...
 
Хтосьці прыўзняў галаву ад стала і праспяваў свой варыянт апошняга радка:
 
Пам-мажы яму... тож-жа.
 
Усе зарагаталі.
Між тым Дубатоўк пакруціў галавою, як быццам адганяючы ачмурэнне, устаў і агаласіў:
- Я нарэшце знайшоў сярод маладых сапраўднага шляхціца. Ён піў сёння больш за мяне, я адурэў, а ён свежы, як хмыз пад дажджом. Вы ўсе тут не вытрымалі б і паловы гэтага. Дзевяць з вас ляжалі б без ног, а адзін мыкаў. Гэта мужчына! Гэта чалавек! Яго, і толькі яго, я з задавальненнем узяў бы ў сябры юнацтва.
Усе пачалі крычаць «славу». Толькі адзін Варона глядзеў на мяне змрочна і з'едліва. Пілі за маё здароўе, за шляхту - соль зямлі, за маю будучую жонку.
Калі захапленне трошкі прыціхла, Дубатоўк паглядзеў мне ў вочы і давяральна спытаў:
- Ажэнішся?
Я няпэўна хітнуў галавою, хоць добра разумеў, пра што ён пытае. Ён, відаць, быў упэўнены ў гэтым, а мне не хацелася яго пераконваць у адваротным. Старому я спадабаўся, ён быў падпіты зараз і мог вельмі пакрыўдзіцца, калі б я шчыра сказаў яму, што я ніколі пра гэта не думаў і думаць не хачу.
- Яна прыгожая, - замест адказу сцвердзіў Дубатоўк і ўздыхнуў, адводзячы ўбок вочы.
- Хто? - спытаў я.
- Мая падапечная.
Справа зайшла занадта далёка, і больш круціць нельга было, атрымалася б, што я скампраметаваў дзяўчыну.
- Я не думаў пра гэта, - сказаў я. - А каб нават і думаў, дык гэта справа не мая. Спыталі б перш за ўсё ў яе.
- Унікаеш сур'ёзнага адказу, - раптам з'едліва працадзіў Варона (я не чакаў, што ён можа чуць нашу ціхую размову). - Не хочаш проста і шчыра сказаць сур'ёзным людзям, што гонішся за грашыма, за радавітай жонкаю.
Я збялеў. Імкнучыся трымацца спакойна, адказаў:
- Я не збіраюся жаніцца. І наогул лічу, што размова пра дзяўчыну ў халастой падпітай кампаніі - не пасуе сапраўднаму чалавеку. Заціхніце, пан Варона, не прыцягвайце ўвагі п'яных да бязвіннай дзяўчыны, не псуйце яе рэпутацыі, і я, хоць гэта жахлівая абраза, дарую вам яе.
- Хо! - сказаў Варона. - Ён мне даруе. Гэты кот, гэтае хамуйла.
- Замаўчыце! - крыкнуў я. - Як вы абражаеце яе адным з гэтых слоў, падумайце?!
- Панове! Панове! - супакойваў нас Дубатоўк. - Варона, ты п'яны.
- Думайце самі. Я спусціў вам аднойчы вашу правіну, я не буду гэтага рабіць больш, - прашыпеў Варона.
- Мярзотнік! - гаркнуў я, шалеючы.
- Гэта я?
- Так, вы! - крыкнуў я так страшна, што нават той, хто спаў, узняў галаву ад стала. - Я прымушу вас замазаць глотку.
Сталовы нож прасвісцеў у паветры і плазам стукнуўся мне ў грудзі. Я ўскочыў з месца, схапіў Варону за грудзі і трахануў. У той самы час Дубатоўк схапіў нас за плечы і расцягнуў, моўчкі штурхнуўшы Варону ў грудзі.
- Саромся, Алесь! - загрымеў ён. - Ты шчанюк... Зараз жа мірыся.
- Не, чакай, Дубатоўк. Справа сур'ёзная. Позна. Закрануты мой гонар, - рыкаў Варона.
- І мой гонар, як гаспадара. Хто цяпер прыедзе да мяне ў госці? Усе скажуць, што ў мяне можна нарвацца на такое, - гудзеў Дубатоўк.
- Пляваць, - выкрыкнуў, ашчэрыўшыся, Варона.
Дубатоўк моўчкі даў яму поўху.
- Цяпер ты будзеш перш за ўсё біцца на шаблях, са мною, бо ён толькі ўзяў цябе за грудзі, - прасіпеў ён такім голасам, што многія здрыгануліся. - Я зраблю так, што мой госць пойдзе адсюль жывы і здаровы.
- Памыляешся, - амаль спакойна сказаў Варона. - Хто першы абразіў, той першы і ў чарзе. А пасля ўжо справа будзе і з табою, хоць і забі мяне.
- Алесь, - амаль благаў Дубатоўк. - Не рабі ганьбы маёй хаце.
- Ён будзе біцца са мною, - цвёрда сказаў Варона.
- Ну і добра, - нечакана згадзіўся гаспадар. - Нічога, пан Беларэцкі. Будзьце мужнымі. Гэты свінтух зараз такі п'яны, што не зможа трымаць пулгака. Я, бадай што, стану поруч з вамі, гэта будзе самае небяспечнае ад куль месца на ўсім месцы дуэлі.
- Што вы, пане Рыгор... - я паклаў далонь яму на члячо. - Не трэба. Я не баюся. Будзьце мужнымі і вы.
Варона ўтаропіў на мяне свае чорныя мёртвыя вочы:
- Я яшчэ не скончыў. Страляцца будзем не ў садзе, іначай гэты фацэт уцячэ. І не заўтра, іначай ён ад'едзе адсюль. Страляцца будзем тут, зараз, у пустым пакоі ля імшаніка. І кожнаму па тры кулі. У цемры.
Дубатоўк зрабіў пратэстуючы жэст, але ў маю душу ўжо закралася халодная вар'яцкая ярасць. Мне было ўсё адно, я ненавідзеў гэтага чалавека, забыў Яноўскую, працу, сябе.
- Я падпарадкоўваюся вашаму жаданню, - з'едліва сказаў я. - А вы скарыстаеце цемру, каб уцячы ад мяне? Зрэшты, як хочаце.
- Ільвяня! - пачуў я перарывісты голас Дубатоўка.
Я глянуў на яго і ўразіўся. На старога шкада было глядзець. Твар яго перакрывіўся, у вочках была нялюдская туга і сорам, такі сорам, такі сорам, хоць лусні... Ён ледзь-ледзь не плакаў, і на канцы носа вісела нейкая падазроная кропля. Ён нават у вочы мне не зірнуў, павярнуўся і махнуў рукою.
Імшанік прылягаў да дома, вялізнае памяшканне з сівым мохам у пазах сценак. Павуцінне, як раскручаныя сувоі палатна, вісела з саламянай страхі і хіталася ад крокаў. Два шляхціцы неслі свечкі і праводзілі нас у пакой ля імшаніка, зусім пусты, з шэрай бруднай атынкоўкай і без акон. Тут пахла мышамі і брыдотай запусцення.
Калі сказаць сумленна, я баяўся, і вельмі баяўся. Пачуцці мае былі падобнымі да пачуццяў быка на бойні або чалавека, які сядзіць у дантыста. І кепска, і брыдка, але ўцякаць нельга.
«Ну што будзе, як ён вось зараз возьме і стрэльне і трапіць мне ў жывот? Ах, гэта жахліва! Уцячы б куды».
Мне чамусьці асабліва жахлівай здавалася рана ў жывот. А я яшчэ толькі што пад'еў.
Я ледзь не замычаў ад тугі і агіды. Але своечасова схамянуўся і паглядзеў на Варону. Ён стаяў з секундантамі ля процілеглай сцяны, заклаўшы левую руку ў кішэнь чорнага фрака, а ў правай, апушчанай уніз, трымаў дуэльны пулгак. Два другія яму заклалі ў кішэні. Яго жоўты, сухі і нейкі грэблівы твар быў спакойны. Не ведаю, ці мог я сказаць тое самае пра свой твар.
Два мае секунданты (адзін з іх быў Дубатоўк) далі і мне пулгак, два другія пулгакі паклалі ў кішэні - я нічога не заўважаў, я глядзеў на твар чалавека, якога я павінен забіць, бо іначай ён заб'е мяне. Я глядзеў на яго з нейкай прагнасцю, як быццам жадаючы зразумець, за што ён заб'е мяне, за што ён мяне ненавідзіць.
«За што я яго заб'ю? - падумаў я, як быццам толькі я стаяў тут з пулгакам у руцэ. - Не, яго нельга забіваць. І нават не ў тым, не ў тым справа, а вось гэта тонкая, такая слабая чалавечая шыя, якую так лёгка перарваць». Я не хацеў паміраць таксама, я вырашыў выкручвацца, дабіцца таго, каб Варона стрэліў тры разы, і тым скончыць дуэль.
Секунданты выйшлі і пакінулі нас двух у пакоі. Пасля дзверы зачыніліся. Мы апынуліся ў поўнай цемры. Хутка прагучаў голас аднаго з секундантаў Вароны:
- Пачынайце.
Я зрабіў левай нагою два «крокі» ўбок і пасля асцярожна паставіў яе на ранейшае месца. Дзіўна, але ўсялякае хваляванне знікла, я дзейнічаў як аўтамат, але так разумна і хутка, як ніколі не здолеў бы зрабіць гэта пад кантролем мозгу. Не слыхам, а хутчэй скурай я адчуваў прысутнасць Вароны ў пакоі, там, ля другой сцяны.
Мы маўчалі. Зараз справа залежала шмат у чым ад таго, хто будзе больш вытрыманы. Палец мой так і імкнуўся хутчэй націснуць спуск.
Успышка азарыла пакой. Не вытрымаў Варона. Куля візганула недзе ў левым баку ад мяне, цокнулася ў сцяну. Я мог бы стрэліць у той момант так верна, як пры дзённым святле. Але я не стрэліў, толькі памацаў рукою тое месца, куды яна ўдарыла. А потым застаўся на тым самым месцы.
Варона, відаць, не мог нават і падумаць, што я другі раз ужыў той самы прыём. Я чуў яго ўсхваляванае сіплае дыханне.
Другі стрэл пулгака Вароны аддаўся ў пакоі. І зноў я не страляў. Але стаяць больш на месцы не было маіх сіл, тым больш што я чуў: Варона пачаў красціся ля сцяны, а пасля, здаецца, у мой бок.
Нервы мае не вытрымалі, я асцярожна пачаў кудысьці ісці. А цемра глядзела на мяне тысячамі пісталетных дулаў. Дула магло быць у любой кропцы, я мог налезці на яго проста жыватом, тым больш што згубіў ворага і нават не мог сказаць, дзе дзверы ў пакоі і дзе якая сцяна.
Я спыніўся, каб прыслухацца да таемнага інстынкту. І вось у той момант, калі я спыніўся, нешта прымусіла мяне з грукатам кінуцца сцягном на падлогу.
Стрэл прагучаў проста нада мною, нават валасы на маёй галаве варухнуліся.
А ў мяне яшчэ былі тры кулі. На хвіліну варухнулася дзікая радасць, але я прыпомніў кволую чалавечую шыю і апусціў пулгак.
- Што там такое? - прагучаў голас за дзвярыма. - Страляў хтосьці адзін. Што там, забіла каго, ці што? Страляйце хутчэй, хопіць вам кулагу варыць.
І тады я ўзняў руку з пулгакам, адвёў яе ў бок ад таго месца, дзе быў у момант трэцяга стрэлу Варона, і націснуў спуск. Трэба ж было мне выпусціць хоць адну кулю.
У адказ, зусім нечакана для мяне, раздаўся жаласны стогн і гук ад падзення чалавечага цела.
- Хутчэй сюды! - крыкнуў я. - Хутчэй! Дапамажыце! Я, здаецца, забіў яго.
Жоўтая, асляпляючая паласа святла наўскос упала на падлогу. Калі людзі ўвайшлі ў пакой, я пабачыў Варону, які ляжаў дагары тварам, выцягнуты і нерухомы. Я кінуўся да яго, прыўзняў яго галаву. Рукі мае натрапілі на нешта цёплае і ліпучае. Твар Вароны яшчэ больш пажаўцеў.
Я не вытрымаў больш, я схапіў яго за шчокі, прыпаў тварам:
- Варона! Варона! Прачніся! Прачніся ж!
Дубатоўк, змрочны і суровы, выплыў аднекуль, бы з туману. Ён завіхаўся ля ляжачага, пасля зірнуў мне ў вочы і зарагатаў. Мне здалося, што я звар'яцеў. Я ўстаў і, ашалелы, амаль непрытомны, выцягнуў з кішэні другі пулгак. Мне здавалася вельмі простым узяць яго, паднесці да скроні і...
- Не жадаю, не жадаю я больш!
- Ну чаго ты, хлопча, чаго, любенькі, - пачуў я голас Дубатоўка. - Гэта ж не ты яго абразіў, ён нас з табою хацеў зганьбіць. Нічога, за табою яшчэ два стрэлы. Бач ты, як цябе курчыць! Гэта ўсё з непрывычкі, ад чыстых рук ды сумленнага сэрца. Ну... ну... ты ж не забіў яго, не. Ён толькі аглушаны, як бугай на бойні. Бач, як ты яго лоўка. Адстрэліў кавалак вуха ды яшчэ і на галаве скуру ўспароў. Нічога, паляжыць тыдзень, адлежыцца.
- Не трэба мне вашых двух стрэлаў! Не жадаю! - крычаў я, як дзіцёнак, і ледзь не тупаў нагамі. - Дарую яму гэтыя два стрэлы!
Варону падхапілі мой секундант і яшчэ нейкі шляхціц, у якога ўвесь твар складаўся з вялізнага кірпатага носа і няголенай барады. Яны панеслі яго кудысьці.
- Хай бярэ сабе гэтыя два стрэлы!
Ілюстрація
Толькі тут я зразумеў, які гэта жах забіць чалавека! Лепей, напэўна, здохнуць самому. І не тое каб я быў такім ужо святым. Зусім іншая справа, калі такое здарыцца ў сутычцы, у бітве, у запале. А тут цёмны пакой і чалавек, які хаваецца ад цябе, як пацук ад факстэр'ера. Я стрэліў з абодвух пулгакаў у сценку ля столі, кінуў іх на зямлю і пайшоў.
Калі я зайшоў у пакой, дзе адбылася свара, Варону паклалі ўжо ў адным з дальніх пакояў пад нагляданнем сваякоў Дубатоўка, а кампанія зноў сядзела за сталом. Я хацеў ісці адразу ж - не пусцілі. Дубатоўк пасадзіў мяне поруч з сабою і сказаў:
- Нічога, хлопча. Гэта ад нерваў у цябе. Ён жывы, будзе здаровы - чаго яшчэ? І ён будзе цяпер ведаць, як насыкацца на сапраўдных людзей. На, выпі... Я скажу табе, што ты сапраўдны чалавек. Так д'ябальскі хітра і так мужна чакаць усіх трох стрэлаў - гэта мала хто мог зрабіць. І гэта добра, што ты высакародны, ты ж мог забіць яго дзвюма астатнімі кулямі - і не зрабіў гэтага. Мая хата зараз да апошняга крыжа ўдзячна табе.
- І ўсё ж гэта дрэнна, - сказаў адзін з шляхцюкоў. - Такая вытрымка, яна не ад чалавека.
Дубатоўк скалануў галавою:
- Сам вінен, свіння. Сам палез, п'яны дурань. Хто б яшчэ падумаў крычаць пра грошы, акрамя яго. Ты ж ведаеш, што ён да яе сватаўся і атрымаў гарбуза. Я ўпэўнены, што пан Андрэй значна больш забяспечаны чалавек, чым Яноўскія. У яго галава, праца і рукі, а ў апошняй жанчыны іхняга роду - маярат, на якім трэба сядзець, як сабаку на сене, здохнуць голадам на скрыні з грашыма.
І звярнуўся да ўсіх:
- Панове, я спадзяюся на гонар усіх нас. Мне здаецца, аб тым, што здарылася, трэба маўчаць. Гэта не робіць гонару Вароне - д'ябал з ім, ён заслугоўвае катаргі, але гэта не робіць гонару і вам, і дзяўчыне, імя якой трапаў на п'яным языку гэты блазнюк... Ну, а мне і пагатоў. Адзіны, хто трымаў сябе як мужчына, гэта Беларэцкі, а ён, як сапраўдны мужчына, сціплы чалавек.
Усе згадзіліся. І госці, відаць, умелі трымаць язык за зубамі, бо па акрузе ніхто і словам не абмовіўся пасля аб гэтым здарэнні.
Калі я ішоў адтуль, Дубатоўк затрымаў мяне на ганку:
- Каня табе даць, Андрусь?
Я ўмею ездзіць, але хацеў прайсціся пехатою і ачуняць пасля ўсяго.
- Ну то глядзі.
Я пайшоў дадому верасоваю пусткаю. Была ўжо глыбокая ноч, месяца не было відаць за хмарамі, але нейкае няпэўнае, хварабліва-шэрае святло залівала пусткі. Часам уздрыгваў пад парывамі ветру сухі верас, часам панавала цішыня. Вялізныя стаячыя каменні трапляліся каля дарогі. Панурая гэта была дарога! Цені разрасталіся, перасякалі яе. Мне трохі хацелася спаць, і я жахнуўся ад адной думкі, што трэба ісці дарогаю, абмінаць парк, крочыць каля Волатавай прорвы. Лепей было зноў пайсці пусткаю і адшукаць патаемны лаз у агароджы.
Я збочыў з дарогі, амаль адразу трапіў у нейкую твань, перапэцкаў боты, пасля выбіўся на сухі верас, пасля зноў трапіў у гразь, упёрся ў доўгае і вузкае балота. Лаючы сябе за тое, што зрабіў вялікі круг, я ўзяў налева, бліжэй да зараснікаў на беразе ракі (я памятаў, што там было суха, і да таго ж рака трохі асушае каля сябе вільготную мясцовасць), выбіўся хутка на тую самую сцежку, па якой ішоў да Дубатоўка, і, апынуўшыся ў палове вярсты ад яго хаты, пайшоў ля зараснікаў у напрамку Балотных Ялін. Парк ужо вымалёўваўся верхавінамі дрэў вярсты за паўтары наперадзе, калі нейкае незразумелае пачуццё спыніла мяне. Ці пачуцці мае, абвостраныя ў гэты вечар гарэлкай і небяспекаю, ці нейкае незразумелае шостае пачуццё выразна сказалі мне, што я не адзін на раўніне. Што было гэта, другое, я не ведаў, але быў упэўнены, што яно яшчэ далёка. Я прыспешыў крокі, хутка абмінуў той язык дрыгвяністага месца, у які ўлез нядаўна і які перагароджваў мне шлях. Атрымалася так, што я стаяў амаль ля зараснікаў, проста перада мною ў вярсце быў парк Балотных Ялін, дрыгвяністая лагчына метраў у дзесяць шырынёй аддзяляла мяне ад таго месца, дзе знаходзіўся сорак хвілін таму, дзе сунуўся ў твань (я згубіў гэтыя хвіліны, каб зрабіць круг). За лагчынаю ляжалі пусткі, роўна асветленыя ўсё тым самым няпэўным святлом, а за імі - дарога. Калі павярнуцца назад, то далёка ў правым баку мігцеў апошні агеньчык у хаце Дубатоўка, мірны і ружовы, а ў левым баку, таксама далёка, за пусткамі віднеліся разложыстыя і агромністыя верхавіны Яноўскай пушчы. Але яна была вельмі-вельмі далёка, на мяжы пустак і балот.
Я стаяў і слухаў, хоць нейкае неспакойнае пачуццё і казала мне, што яно зараз бліжэй. Я ж не мог паверыць у прадчуванні: павінна была быць нейкая рэальная прычына для гэтага душэўнага стану. Я не мог нічога бачыць: лёгкі туман укрываў раўніну. Я нічога не чуў. Што ж гэта магло быць, адкуль гэты сігнал? Я лёг на зямлю, прыціснуў да яе вуха і праз палову хвіліны адчуў нейкае раўнамернае страсенне зямлі. Не скажу, што я вельмі смелы чалавек, інстынкт самазахавання ў мяне, можа, нават больш моцны, ніж у іншых, але я заўжды быў вельмі дапытлівы. Я вырашыў чакаць і хутка быў узнагароджаны.
З боку пушчы па пустках рухалася нейкая цёмная маса, даволі вялікая і рухавая. Я доўгі час не мог здагадацца, што гэта такое. Пасля я пачуў дробны і роўны пошчак капытоў. Шамацеў верас. Пасля ўсё знікла, маса, відаць, спусцілася ў нейкую лагчыну, а калі з'явілася зноў - пошчак змоўк. Яна імчалася бязгучна, быццам плыла ў паветры, рабілася ўсё бліжэй і бліжэй. Пасля зрабілася большай, відаць, звярнула і замест галавы паказала мне бок. Яшчэ хвіліна, і я аж надаўся наперад. У хвалях слабага празрыстага туману ясна вымалёўваліся сілуэты коннікаў, якія імчалі шалёным намётам, аж конскія грывы веялі на ветры. Я пачаў лічыць іх і налічыў дваццаць. Дваццаць першы скакаў наперадзе. Я яшчэ сумняваўся, калі вецер прынёс аднекуль далёкі водгук паляўнічага рога. Халодны сухі мароз прайшоў па маёй спіне.
Цьмяныя цені коннікаў беглі ад дарогі наўскос да дрыгвяністай лагчыны. Веялі па ветры плашчы-велеісы, коннікі прама, як лялькі, сядзелі ў сядле, і ніводны гук не далятаў адтуль. Менавіта ў гэтым маўчанні і было самае жахлівае. Нейкія светлыя плямы выдзяляліся на гэтым туманным фоне. А дваццаць першы скакаў наперадзе, не матляючыся ў сядле, вочы яго закрываў нізка насунуты капялюх з пяром, твар быў змрочны і бледны, вусны падціснуты.
Дзікі верас спяваў пад іхнімі нагамі.
Я дапытліва глядзеў на вострыя насы, якія тырчалі з-пад капелюхоў, на тонкія, знізу калматыя ногі коней нейкай невядомай пароды.
Бязгучна скакала па верасе дзікае паляванне караля Стаха, імчалі шэрыя, туманныя, нахіленыя наперад постаці.
Я не адразу зразумеў, што яны, блукаючы балотам, натрапілі на мой след і зараз ідуць па ім па маю душу. Яны спыніліся, усё так жа бязгучна, каля таго месца, дзе я ўбіўся ў твань. Да іх было не менш дзесяці метраў праз дрыгву, я бачыў нават, што коні іхнія, туманныя коні, варанога і стракатага колераў, але не пачуў ніводнага гуку, толькі недзе ля пушчы часам спяваў прыглушаны рог. Я толькі бачыў, што адзін з іх павіснуў у сядле, паглядзеў на сляды, зноў выпраміўся. Правадыр махнуў рукою ў той бок, куды пайшоў я, агінаючы лагчыну, і паляванне памчала. Яшчэ хвілін пятнаццаць, і яно, агінуўшы лагчыну, павінна было быць тут. Халодная злосць віравала ў маім сэрцы: ну не, здані вы ці хто, а я вас стрэну па-належнаму!.. Рэвальвер, шэсць набояў - і паглядзім. Я хутка сунуў руку ў кішэнь, і... халодны пот выступіў на маім ілбе: рэвальвера не было. Я толькі тут успомніў, што пакінуў яго ў шуфлядзе бюро ў маім пакоі.
«Гэта канец», - падумаў я.
Але чакаць канца, склаўшы лапкі, было не ў маіх правілах. Праз пятнаццаць хвілін будуць тут. Мясцовасць няроўная. Там-сям ёсць балотцы, якія мажліва перабегчы мне, а не коннікам (хоць, можа, калі яны здані, яны пералятуць іх у паветры). Я магу заблытаць сляды.
Я зняў боты, каб у першыя хвіліны не прыцягнуць увагі пагоні гукамі сваіх крокаў, і пайшоў, спачатку няспешна, а пасля, калі лагчына схавалася, хутчэй. Я пятляў, бег па верасе, ногі мае ўзмоклі ад расы. Я накіраваўся спачатку ўздоўж лагчыны, а пасля крута звярнуў да Балотных Ялін хмызамі. Некалькі разоў я бег па вадзе - ці зважаць мне было на гэта? Хутка я зноў дабег да сцежкі, а калі павярнуўся, то пабачыў дзікае паляванне ўжо на гэтым баку. Яно з той самай тупой упартасцю рухалася па маіх слядах. Пагоня імчала, грывы і плашчы рэялі ў паветры.
Карыстаючыся тым, што я схаваны ад іх хмызамі, а сцежка ідзе пад гару, я ўзяў боты ў рукі і даў па сцежцы такі клас бегу, якога не даваў ніколі да гэтага і бадай што ніколі - пасля. Я імчаў так, што вецер свісцеў у вушах, паліла ў лёгкіх, выядаў вочы пот. А тупат за маёй спіною хоць павольна, а набліжаўся. Хутка мне ўжо здавалася, што я ўпаду, я і сапраўды два разы спатыкнуўся, але выправіўся і бег, бег, бег. Павольна, вельмі павольна набліжаўся цёмны парк, а тупат гучаў усё бліжэй і бліжэй.
На маё шчасце, прыйшло другое дыханне, як сказалі б зараз. Я бег напрасткі, праз яры і ямы, агінаючы гарбы, на якіх мяне маглі заўважыць. І тупат гучаў то бліжэй, то далей, то з правага, то з левага боку. Мне не было часу азірацца, але раз я ўсё ж азірнуўся з хмызоў. Яны, людзі дзікага палявання, ляцелі за мною ў малочным нізкім тумане.
Коні іхнія распасцерліся ў паветры, верас звінеў пад капытамі, коннікі сядзелі нерухома, і над імі, у лапіку чыстага неба, гарэла самотная вострая зорка.
Напружыўшы апошнія сілы, я скаціўся з горкі, перасек шырокую сцежку, скокнуў у канаву і пабег па дне, па вадзе. Канава набліжалася да агароджы. Я выскачыў з яе і адным скачком перанёсся да агароджы. Яны былі ў якіх-небудзь дваццаці сажнях ад мяне, але трохі замарудзіліся, і гэта дало магчымасць праскочыць у ледзь прыкметную дзірку і захавацца ў бэзе. На сцежцы было зусім цёмна ад дрэў, і таму, калі яны амаль бязгучна прамчалі паўз мяне, я не змог разгледзець іх. Але я добра чуў, як галаўны прастагнаў: «Да прорвы».
Дзікае паляванне памчала далей, а я сеў на зямлю. Сэрца маё калацілася, як хвост авечкі. Але я хутка ўстаў. Сядзець пасля бегу нельга. Я добра разумеў, што толькі атрымаў адтэрміноўку. Яны могуць хутчэй дамчаць навакольным шляхам да дома, чым я дайду да яго нацянькі. І зноў пабег. Ногі мае былі збітыя да крыві, двойчы я ўпаў, запнуўшыся аб карэнні, лапы ялін сцябалі мой твар. Гмах палаца вырас перада мною зусім нечакана, і адначасова я пачуў пошчак капытоў недзе наперадзе. Яны зноў гучалі, яны грымелі так часта, што я скурай адчуваў: яны імчаць неверагодна хуткім намётам.
Я пайшоў ва-банк. Я мог схавацца, але ў палацы была дзяўчына, якая зараз, пэўна, вельмі спалохалася. Я павінен быў быць там, там была мая зброя. У некалькі скачкоў я спынуўся на ганку і затарабаніў у дзверы:
- Надзея Раманаўна! Надзея Раманаўна! Адчыніце!
Крычаць было нельга. Яна магла абамлець ад жаху. А ляск капытоў быў ужо тут, на гэтае палове палаца. Я грукацеў.
Дзверы адчыніліся раптоўна. Я ўскочыў у залу, моцна прыпёр дзверы і хацеў быў кінуцца за зброяй, але праз ваўчок пабачыў, што туманныя коні прамчаліся далей і зніклі за павароткай алеі.
Я глянуў на Яноўскую, якая стаяла, уражаная маім выглядам, глянуў у люстру і жахнуўся: увесь падзёрты, пашарпаны, з крывёю на руках, са скалмачанымі валасамі стаяў і дзіка глядзеў на мяне мой двайнік. Я зноў глянуў на Яноўскую: бледная, з мёртвым тварам, яна закрыла вочы і спытала:
- Верыце вы зараз у дзікае паляванне караля Стаха?
- Зараз веру, - змрочна сказаў я. - І вы не пабаяліся адчыніць мне дзверы ў такі момант?!.. Маленькае мужнае сэрца.
У адказ яна разрыдалася:
- Пане Беларэцкі... пан Андрэй... Андрэй. Я так баялася, так баялася за вас. Божа... Божа... Божа! Хоць бы ўзяў ты толькі мяне адну!
Рукі мае сціснуліся ў кулакі.
- Пані Надзея. Я не ведаю, здані гэта ці не. Здані не маглі быць такімі рэальнымі, людзі не маглі быць такімі прывіднымі, палаць гэткай нячыстай злобай. Але я клянуся, клянуся вам. За гэты ваш жах, за гэтыя вашы слёзы яны заплоцяць мне, заплоцяць дарагой цаной. Клянуся вам.
Недзе далёка заміраў часты пошчак конскіх капытоў.