Але да рэалізацыі ідэі на практыцы сапраўды прайшлі гады. Даследчык
Анатоль Верабей цытаваў у сваёй кнізе «Абуджаная памяць» нататку ў адной з запісных кніжак пісьменніка. Той зазначыў, што пачатак рамана прыйшоў яму ў галаву 7 жніўня 1959 года ля Азярышча на Рагачоўшчыне, дзе на стромкім адхоне высокага правага берага Дняпра ён убачыў грушу. Памятаеце?
«Груша цвіла апошні год. Усе галіны яе, усе вялікія расохі, да апошняга пруціка, былі ўсыпаны бурным бела-ружовым цветам. Яна кіпела, млела і раскашавалася ў пчаліным звоне, цягнула да сонца сталыя лапы і распасцірала ў яго ззянні маленькія, кволыя пальцы новых парасткаў. І была яна такая магутная і свежая, так утрапёна спрачаліся ў яе ружовым раі пчолы, што, здавалася, не будзе ёй зводу і не будзе канца.
І, аднак, надыходзіла яе апошняя часіна.
Дняпро падбіраўся да яе спакваля, патроху, як разбойнік. У вечным сваім імкненні скрышыць правы бераг, ён падступаў у палавень зусім блізка да яго, руйнаваў адхоны, зносіў, каб пасадзіць у другім месцы, лазу, гвалтоўна вырываў кавалкі берага або асцярожна падмываў яго, каб раптам абурыць у ваду цэлыя брылы зямлі. Потым адступаў, да наступнай вясны, і трава літасціва спяшалася залячыць раны, нанесеныя Дняпром. А ён вяртаўся зноў: дзе руйнаваў, дзе падмываў і з часам абкружыў грушу амаль з усіх бакоў».
Так пачынаецца гэты раман.
Той жа Верабей
цытаваў нататкі, якія Караткевіч пакінуў на рукапісе: «Пачаў па-сапр.[аўднаму] 27 красавіка 62 г. Пятніца перад вялікаднем». У канцы рукапісу ёсць пазнака: «Канец першай кнігі. 18 мая 1964 г. 23.47». Раман ствараўся ў Рагачове, куды пісьменнік часта прыязджаў да дзядзькі, у дамах творчасці «Каралішчавічы» (пад Мінскам) і «Кактэбель» у аднайменным горадзе, у Чалябінску, дзе жыла з сям’ёй старэйшая сястра Караткевіча, і ў Мінску.
Як адбывалася публікацыя «Каласоў» і ў чым іх значэнне?
Пасля напісання рамана варта было думаць пра яго публікацыю. Караткевіч занёс рукапіс у літаратурны часопіс «Полымя». Але там яго друкаваць не спяшаліся. Дагэтуль у друку ўжо з’яўляліся вульгарныя рэцэнзіі на творы пісьменніка (напрыклад, на знакамітую аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха»), ды і сама тэма выклікала падазрэнне (галоўным героем быў не селянін, а магнат Алесь Загорскі — гэта само па сабе было крамолай для савецкай літаратуры), таму рэдакцыя не хацела рызыкаваць.
«Між тым аўтар чытаў урыўкі з рамана сябрам — у аспіранцкім пакоі [даследчыка]
Арсена Ліса, на кватэры ў супрацоўніц Інстытута літаратуры
Валянціны Гапавай і
Ірыны Крэнь. Патрыятычныя маналогі і дыялогі Алеся Загорскага, галоўнага героя, узбуджалі слухачоў, спараджалі розныя асацыяцыі з сучаснасцю. Нехта прапанаваў зрабіць копіі і пусціць іх па руках, але Караткевіч быў супраць усялякай „нелегальшчыны“: „Вялікую і святую справу трэба рабіць з адкрытым забралам“», —
пісаў у сваёй кнізе «Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча» сябра пісьменніка, літаратуразнаўца
Адам Мальдзіс.
Урэшце рукапіс у скарочаным выглядзе ўсё ж быў апублікаваны ў «Полымі» у нумарах за люты — чэрвень 1965 года. Яшчэ цяжэй было апублікаваць раман у выглядзе кнігі. Адыёзны крытык
Якаў Герцовіч напісаў у тым жа 1965-м ў газеце «Советская Белоруссия» рэцэнзію (яе змест пераказвае ў сваёй кнізе Адам Мальдзіс): «Побач са слушнымі крытычнымі меркаваннямі (аб празмернай „даросласці“ і рытарычнасці слоў і думак галоўнага героя Алеся Загорскага) там былі і шматлікія тэндэнцыйныя пасажы, на якіх ляжаў выразны адбітак вульгарнага сацыялагізму. Караткевічу інкрымінавалася, што ён рэалізаваў задуму толькі часткова, нават „на другім плане“ не знайшоў месца для сацыяльных „нізоў“, што ён, ідэалізуючы Загорскага, ледзь не пашырае ідэі класавага міру „паміж прыгоннікамі і прыгоннымі“».
Выдавецтва «Беларусь», дзе ляжаў рукапіс, узяла гэтыя аргументы на ўзбраенне і запатрабавала ў Караткевіча ледзь не цалкам перапісаць твор.
Дапамога прыйшла ад калег. У лютым 1967 года адбылося аб’яднанае пасяджэнне сакратарыята, секцыі прозы і крытыкі Саюза пісьменнікаў Беларусі, дзе разглядаўся раман. Старшынстваваў на пасяджэнні
Іван Мележ. У сваёй кнізе Анатоль Верабей
спыніўся на асноўных думках з тых выступленняў: «На думку [даследчыка]
Генадзя Кісялёва, пісьменнік дасканала перадаў у ім усю складанасць сацыяльных і нацыянальных супярэчнасцей адлюстроўваемай эпохі, выявіў добрае веданне дакументальных гістарычных матэрыялаў, выкарыстаў мастацкую інтуіцыю. Адам Мальдзіс сцвярджаў, што пісьменнік праўдзіва ўзнавіў у рамане дух таго часу, па-новаму глянуў на ролю шляхты і сялян у будучым паўстанні. [Пісьменнік]
Алесь Адамовіч заўважыў, што „з'явіўся ў Беларусі чалавек, які заняўся сур’ёзна тым, што зрабілі ў Англіі Вальтэр Скот, у Расіі Лажэчнікаў і Загоскін. Караткевіч — гэта пісьменнік, які запаўняе прорву паміж дзіцячай, нават маладзёжнай аўдыторыяй, і літаратурай дарослых“. [Пісьменнік]
Янка Брыль адзначыў, „што гэтай кнігай будзе прыпаднесены ўрок, як трэба любіць народ, як трэба разбірацца ў сваёй гісторыі, як аслабаняцца ад зусім непатрэбнага комплексу ніжэйшасці, які ўбіваўся нам на працягу стагоддзяў усімі прыгнятальнікамі“».
Усе гэтыя думкі актуальныя і дагэтуль.
Аднак, па словах Мальдзіса, станоўчыя вынікі абмеркавання ў Саюзе пісьменнікаў супрацоўнікаў выдавецтва канчаткова не пераканалі. Яны настойвалі на праўках. а Караткевіч адмаўляўся іх рабіць. Тады сябры пісьменніка прапанавалі схітрыць. «Не лезь на дыбы з-за дробязей. Папраў нешта другараднае, замяні адзін эпітэт другім. Так, каб можна было сказаць, што ўлічана заўваг працэнтаў семдзесят. А на істотнае махні ім ручкай: маўляў тут другаразраднае глупства, ды і не стану я тут прыхарошваць розных прыгоннікаў… З імі, Хама (так называлі Караткевіча сябры. — Заўв. рэд.), трэба ваяваць іхняй жа зброяй», —
казаў паэт
Рыгор Барадулін.
У выніку аўтар «Каласоў» і Мальдзіс узяліся за працу, якая, па словах апошняга, «у многіх мясцінах <…> пайшла раману яўна на карысць».
Нарэшце ў 1968 годзе раман быў апублікаваны і хутка атрымаў статус класічнага твора беларускай літаратуры.Ці існаваў працяг рамана?
«Каласы пад сярпом тваім» не расказвалі пра падзеі паўстання 1863 года, а абрываліся напярэдадні яго. Існуе версія, што працяг рамана існаваў, аднак быў скрадзены. Першым пра гэта напісаў Адам Мальдзіс. У 1967-м ён узяў у пісьменніка інтэрв'ю.
«У пачатку года „Полымя“ абвясціла, што сёлета ў часопісе будзе друкавацца другая кніжка рамана. Значыць, яна таксама ўжо напісана?» — спытаў Мальдзіс.
«У асноўным, так, — адказаў яму Караткевіч. — Уласна кажучы, гэта будзе не другая, а трэцяя і чацвёртая кніжкі, таму што першую я вымушаны быў падзяліць на дзве. Праўда, работа над імі крыху зацягваецца. Па-першае, паступаюць усё новыя і новыя матэрыялы»…
Мальдзіс
працытаваў гэтае інтэрв'ю ў сваёй кнізе «Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча: Партрэт пісьменніка і чалавека», што выйшла ў 1990-м. Там ён дадаў, што пасля смерці сябра з надзеяй шукаў у яго архіве рукапісы трэцяй і чацвёртай кнігі, але так і не знайшоў іх.
«Пра існаванне трэцяй і чацвёртай кнігі „Каласоў…“ Караткевіч гаварыў не толькі мне, але і Міхалу Фёдаравічу Дубянецкаму, былому дырэктару выдавецтва „Мастацкая літаратура“ — яны нават дамовіліся, на які год паставіць іх у план. Усе сябры Валодзі ведалі, што ён рыхтуе заканчэнне рамана да друку: вывучае дадатковыя матэрыялы, цікавіцца далейшымі лёсамі паўстанцаў 1863 года», — пісаў Мальдзіс.
Па яго ж словах, пазней Караткевіч пазбягаў гаворкі пра працяг «Каласоў». На гэта паўплывала шмат фактараў: наскокі вульгарнай крытыкі, разуменне, што ў тагачасных умовах цяжка ці нават немагчыма апублікаваць заканчэнне рамана ў тым выглядзе, што хацеў аўтар.
На думку Мальдзіса, «чарнавік трэцяй і чацвёртай кніг (калі ён існаваў) хутчэй за ўсё знік летам 1982 года, калі Караткевіч разам з жонкай былі ў Сімферопалі. <…> Аказалася, што ў адсутнасць гаспадароў кватэру абакралі. Забралі ўсе залатыя і сярэбраныя рэчы, крышталь. Заадно прыхапілі ўзнагароды, дакументы. Усяго страт набралася на некалькі тысяч (у апошнія гады жыцця Караткевіч ужо меў добрыя ганарары, у тым ліку і замежныя). Але не яны бянтэжылі гаспадара. Доўгі час ён хадзіў прыгнечаны, злаваў, калі ў яго пыталі, што ўзята: „Ведалі, што браць, гады! Білі прама пад дых!“ <…> У росшук грабежнікаў былі ўключаны лепшыя мінскія шэрлакі холмсы (у іх асяроддзі было нямала добрых Валодзевых прыяцеляў). Але і яны не змаглі нічога зрабіць. Казалі, што папрацавалі тут „класныя спецыялісты“, што не абышлося без наводчыка. Відаць, тады, побач з каштоўнымі рэчамі (не выключана, што іх бралі для адводу вачэй), знік і рукапіс другой палавіны „Каласоў…“. Прынамсі, не прыпомню, каб пасля таго здарэння Караткевіч гаварыў пра заканчэнне і выданне „Каласоў…“ як пра нешта рэальнае».
З Мальдзісам не згадзіўся згаданы ўжо крытык Анатоль Верабей. Ён
напісаў, што «архіўныя матэрыялы не дазваляюць сцвярджаць, што раман быў закончаны». У сваю чаргу даследчык
Дзяніс Марціновіч у кнізе «Донжуанскі спіс Караткевіча»
супаставіў дату і час напісання тых нешматлікіх фрагментаў працягу «Каласоў», якія нам вядомыя. Па яго словах, гэта «першыя два раздзелы і аповесць „Зброя“, а таксама адзін раздзел ужо пра канец паўстання — „Студзеньскім цёмным світаннем“». На думку Марціновіча, «не хапае яшчэ нейкага ўрыўка, напрыклад, той жа канцоўкі рамана, якая б яскрава засведчыла пра намер Караткевіча закончыць твор. І не толькі пра намер, але і пра тое, што гэты намер быў здзейснены».
Даследчык выказаў ідэю, што эпілогам рамана «Каласы пад сярпом тваім» з’яўляецца апавяданне «Сіняя-сіняя…». Дзеянне ў ім адбываецца ў Афрыцы ў 1880 годзе, куды трапіў Пятрок Ясюкевіч, сябра Алеся Загорскага (галоўнага героя рамана).
Час напісання апавядання, яго стыль, а таксама ідэі, выказаныя ў ім пісьменнікам, блізкія да вядомай нам часткі «Каласоў». Гэта пакідае надзею, што калі вядомыя столькі фрагментаў працягу, то калі-небудзь знойдзецца і асноўны рукапіс.Чаму замест «Каласоў» — «Чорны замак Альшанскі»?
Замест «Каласоў пад сярпом тваім» у праграму ўключаны іншы раман Уладзіміра Караткевіча — «Чорны замак Альшанскі». Гэты твор з’явіўся пазней за папярэдні. Публікацыя адбылася ў літаратурным часопісе «Маладосць» ў 1979−1980 гадах. «Поспех быў незвычайны: упершыню нумары гэтага часопіса прадавалі з-пад прылаўка, кралі ў бібліятэках. У 1983 годзе выйшла кніжнае выданне рамана (сумесна з аповесцю „Зброя“), цудоўна ілюстраванае Пятром Драчовым», —
пісаў Адам Мальдзіс.
Папулярнасці кнізе дадала і экранізацыя, якую неўзабаве ажыццявіў рэжысёр Міхаіл Пташук.
Мальдзіс у сваёй кнізе цытаваў Караткевіча, які называў свой раман «псіхалагічным дэтэктывам». Сам жа ён
лічыў «Чорны замак» яшчэ і раманам гістарычным, сацыяльна-філасофскім: «Як пераканаўча паказалі крытыкі <…>, Караткевіч выступіў тут сапраўдным наватарам як у дачыненні да формы, так і зместу, дасягнуў тут асаблівай раскаванасці, „свабоды самавыяўлення“. Чытача рамана хвалюе не столькі расследаванне даўніх і новых злачынстваў, колькі ход аўтарскай думкі, асабліва страсныя публіцыстычныя адступленні пра нашы адносіны да помнікаў архітэктуры, да прыроды. Раман успрымаецца як актыўны пратэст супраць усялякіх войнаў, усялякіх майданэкаў і хатыняў, супраць прымусу, здрады, здзекаў з чалавека — зла ўвогуле».