Жыхары Волатавай прорвы, відаць, не вельмі любілі ездзіць на вялікія балы. Я мяркую так таму, што не часта бывае ў такім закутку паўналецце адзінай наследніцы маярату, і ўсё ж праз два дні ў Балотныя Яліны з'ехалася ніяк не больш чатырох дзесяткаў чалавек. Запрасілі і мяне, хоць я згадзіўся з вялікай неахвотай: я не любіў правінцыяльнай шляхты і, да таго ж, амаль нічога не зрабіў за гэтыя дні. Не зрабіў амаль ніякіх новых запісаў, а галоўнае, ані на крок не рушыў наперад, каб разгадаць таямніцу гэтага чортава логава. На старым плане ХVІІ стагоддзя ніякіх слухавак не было, а крокі і стогны гучалі кожную ноч на зайздрасць рэгулярна.
Я ламаў галаву над усёй гэтай чартаўшчынай, але нічога не мог прыдумаць.
Дык вось, упершыню, можа, за апошнія дзесяць год палац сустракаў гасцей. Запалілі плошкі над уваходам, знялі чахлы з люстраў, вартаўнік на гэты раз ператварыўся ў швейцара, узялі з навакольных хутароў яшчэ тры служанкі. Палац нагадваў нарумяненую бабулю, якая ў апошні раз вырашыла пайсці на баль, успамянуць маладосць і пасля легчы ў магілу.
Не ведаю, ці трэба апісваць гэты шляхецкі з'езд? Добрае і цалкам правільнае апісанне чагосьці падобнага вы знойдзеце ў Хвелькі з Рукшэніц, незаконна забытага нашага паэта. Божа, якія гэта былі вазкі! Старыя, з пакарабачанай скурай, зусім без рысор, з коламі ў сажань вышынёю, але абавязкова з лёкаем на запятках (у «лёкаяў» былі чорныя ад зямлі рукі). Якія гэта былі коні! Расінант здаўся б побач з імі Буцэфалам. Хударлявыя, з ніжняй губой, адвіслай, як чапяля, са з'едзенымі зубамі. Вупраж амаль з вяровак, затое там-сям на ёй блішчаць залатыя бляшкі, якія перакачавалі са збруі «залатога веку».
«Што гэта робіцца на свеце, людзі добрыя? Калісьці адзін пан ехаў на шасці конях, а зараз шэсць паноў на адным кані».
Увесь працэс панскага разарэння ў адной гэтай іранічнай народнай прымаўцы.
Берман-Гацэвіч стаяў за маёй спіною і адпускаў іранічна-далікатныя заўвагі наконт тых, хто прыбываў.
- Гляньце, якая свірэпа (свірэпаю ў беларускай мове ХVІ стагоддзя называлі клячу). На ёй, напэўна, хтосьці з Сасаў ездзіў: заслужаны баявы конь... А гэта паненка, бачыце, як апранулася: проста як фэст на святога Антонія. А вось, бачыце, цыганы.
«Цыганамі» ён назваў сапраўды дзіўную кампанію. На звычайным возе пад'ехаў да пад'езда самы дзіўны хаўрус, які мне даводзілася бачыць. Тут былі і паны, і паненкі, чалавек дзевяць, апранутыя страката і бедна. І сядзелі яны на возе густа, як цыганы. І полаг быў на чатырох палках, як у цыган. Не хапала толькі сабакі, які б бег пад коламі. Гэта быў заняпалы род Грыцкевічавых, якія качавалі з аднаго балю на другі і так, галоўным чынам, харчаваліся. Яны былі дальнімі сваякамі Яноўскіх. І гэта былі нашчадкі «барвянага ўладара»! Божа, за што караеш!!!
Пасля прыехала нейкая пажылая дама ў вельмі багатым колішнім аксамітным уборы, зараз даволі паношаным, у суправаджэнні худога, як бізун, маладога чалавека з яўна халуйскім тварам. Бізун пяшчотна прыціскаў яе локцік.
Яна надушылася такой дрэннай парфумай, што Берман пачаў чхаць, калі яна ўвайшла ў залу. А мне здалося, што замест яе нехта ўнёс у пакой вялікую торбу з удодамі і пакінуў яе тут на радасць акружаючым. Размаўляла дама з самым сапраўдным французскім пранонсам, які, як вядома, захаваўся на зямлі толькі ў двух мясцінах: у салонах Парыжа і ў засценку Кабыляны пад Воршай.
І другія асобы былі дзіўныя. Патрапаныя ці занадта гладкія твары, прагныя вочы, вочы замучаныя, вочы благальныя, вочы з вар'яцінкай. У аднаго франта вочы былі вялізныя і пукатыя, як у саламандры падземных азёр. Я глядзеў на цырымонію знаёмства (некаторыя з гэтых блізкіх суседзяў ніколі не бачыліся і, напэўна, не пабачацца больш - стары палац, можа, упершыню за 18 год бачыў такі наплыў гасцей). З-за дзвярэй гукі дрэнна даляталі да мяне, бо ў зале ўжо дудзела аркестра з васьмі заслужаных інвалідаў Палтаўскай бітвы. Я бачыў замасленыя твары, якія галантна ўсміхаліся, бачыў вусны, якія цягнуліся да рукі гаспадыні. Калі яны нахіляліся, святло падала зверху, і насы здаваліся надзіва доўгімі, а раты праваленымі. Яны бязгучна дрыгалі нагамі, схіляліся, бязгучна гаварылі, і ў іх вырасталі насы, пасля ўсміхаліся і адплывалі далей, а на іх месца плылі ўсё новыя, новыя.
Гэта было - як у жахлівым сне.
Яны выскаляліся, як выхадцы з магілы, цалавалі руку (і мне здавалася, што яны смокчуць з яе кроў), бязгучна адплывалі далей. А яна, такая чыстая ў сваім белым адкрытым плацці, толькі чырванела часам спіною, калі занадта палка прыпадаў да яе рукі які-небудзь наваяўлены донжуан у абцягненых панталонах. Гэтыя пацалункі, як мне здавалася, пэцкалі яе руку чымсьці ліпучым і нячыстым.
І толькі тут я зразумеў, якая яна, уласна кажучы, самотная не толькі ў сваім доме, але і сярод гэтай хеўры.
«Што гэта мне нагадвае? - падумаў я. - Ага, пушкінская Тацяна сярод пачвар у шалашы. Абклалі небараку, як лань пад час палявання».
Тут амаль што не было чыстых позіркаў, але затое якія былі прозвішчы! Мне ўсё здавалася, што я сяджу ў архівах і чытаю старажытныя акты якога-небудзь Пінскага копнага суда.
- Пан Сава Матфеевіч Стахоўскі з сынамі, - агалошваў лёкай.
- Пані Агата Юр'еўна Фалендыш-Хобалева з мужам і сябрам дома.
- Пан Якуб Барбарэ-Гарабурда.
- Пан Мацей Мустафавіч Асановіч.
- Пані Ганна Аўрамовіч-Басяцкая з дачкою.
А Берман стаяў за маёй спіною і адпускаў заўвагі. Ён упершыню за гэтыя дні спадабаўся мне, столькі злосці было ў яго выказваннях, такімі палючымі вачыма сустракаў ён кожнага новага госця, і асабліва маладых.
Але вось у вачах яго прамільгнула нешта такое незразумелае, што я мімаволі глянуў у той бок, і... вочы мае палезлі на лоб, такое дзіўнае відовішча я пабачыў. У залу на сходах каціўся чалавек, менавіта каціўся, іначай гэта нельга было назваць. Быў гэты чалавек пад сажань ростам, прыблізна як я, але ў ягоную вопратку ўлезла б трое Андрэяў Беларэцкіх. Агромністы жывот, ногі ў сцёгнах, як кумпякі, нязмерна шырокія грудзі, далоні, як цэбры. Рэдка здаралася мне бачыць такога волата. Але самае дзіўнае было не гэта. На чалавеку была вопратка, якую зараз можна пабачыць толькі ў музеі: чырвоныя боты на высокіх абцасах з падкоўкамі (такія празываліся ў нашых продкаў кабцямі), абцягнутыя порткі з каразеі - тонкага сукна. Жупан на грудзях і жываце - жупан з вішнёвага з золатам сукна - вось-вось пагражаў луснуць. Паверх яго чалавек нацягнуў чугу, старажытную беларускую верхнюю вопратку. Чуга вісела вольна, прыгожымі складкамі, уся пералівалася зялёнымі, залатымі і чорнымі візерункамі і была перавязана амаль пад пахамі турэцкім пасам вясёлкавых колераў.
І над усім гэтым сядзела дзіўна маленькая для гэтай тушы галава са шчокамі такімі надутымі, быццам гэты чалавек вось-вось збіраўся пырснуць са смеху. Доўгія шэрыя валасы ззаду рабілі галаву правільна круглай, маленькія шэрыя вочкі смяяліся, сівыя вусы віселі да сярэдзіны грудзей. Вонкавы выгляд у чалавека быў самы мірны, і толькі на левай руцэ вісеў карбач - плецены кароткі бізун са срэбным дротам ля канца. Словам, сабакар, правінцыяльны мядзведзь, весялун і п'яніца - гэта адразу было бачна.
Яшчэ ля дзвярэй ён зарагатаў такім густым і вясёлым басам, што я мімаволі ўсміхнуўся. Ён ішоў, і людзі расступаліся перад ім, адказвалі такімі вясёлымі ўсмешкамі, якія толькі маглі з'явіцца на гэтых кіслых тварах, тварах людзей з касты, якая выраджаецца. Чалавека, відаць, любілі.
«Нарэшце хоць адзін прадстаўнік старога добрага веку, - падумаў я. - Не вырадак, не вар'ят, які можа пайсці на гераізм, і на злачынства. Добры просты волат. І як ён сакавіта, прыгожа гаворыць па-беларуску!»
Не здзіўляйцеся апошняй думцы. Хоць сярод дробнай шляхты тады размаўлялі па-беларуску, шляхта таго парадку, да якога, відаць, належаў гэты пан, мовы не ведала: сярод гасцей не больш як які дзесятак размаўляў на мове Марцінкевіча і Каратынскага, астатнія на дзіўнай сумесі польскіх, расейскіх і беларускіх слоў.
А гэты размаўляў як якая-небудзь вясковая бабуля-свацця. Трапныя словы, жарты, прымаўкі так і сыпаліся з яго языка, пакуль ён праходзіў ад дзвярэй да верхняй залы. Прызнаюся, ён адразу вельмі падкупіў мяне гэтым. Ён быў такі каларытны, што я не адразу заўважыў яго спадарожніка, хоць ён таксама быў варты ўвагі. Уявіце сабе маладога чалавека, высокага, вельмі добра складзенага, апранутага па апошняй модзе, рэдкай у гэтай глушы. Ён быў бы зусім прыгожы, каб не надзвычайная бледнасць твару, хударлявага, з праваленымі шчокамі, і каб не выраз нейкай невытлумачальнай зласлівасці, якая не сыходзіла з яго вуснаў. Найбольш вартымі ўвагі на гэтым жоўчным прыгожым твары былі вялікія чорныя вочы з вадкім бляскам, але такія безжыццёвыя, што рабілася ніякава. Напэўна, менавіта такія былі ў Лазара, калі ён уваскрэснуў, але захаваў у вачах успаміны.
Між тым волат дайшоў да лёкая, які, падслепаваты і глухі, не заўважыў гасцей, і раптоўна таргануў яго за плячо. Той драмаў на нагах, але тут раптам усхапіўся, і, разгледзеўшы гасцей, заўсміхаўся на поўны рот, і гаркнуў:
- Вельмішаноўны пан-айцец Грынь Дубатоўк! Пан Алесь Варона!
- Вечар добры, панове, - заракатаў Дубатоўк. - Што гэта вы сумныя, як мышы пад шапкай? Нічога, мы зараз вас узвесялім. Бачыш, Варона, паненкі якія! Зарана я, браце, нарадзіўся. У-ух, прыгажунечкі-красулечкі!
Ён прайшоў праз натоўп (Варона спыніўся ля нейкай паненкі) і наблізіўся да Надзеі Яноўскай. Вочы яго сталі маленькімі і запраменіліся смехам.
- Дзень-вечар добры, донечка! - І гучна цмокнуў яе ў лоб, як стрэліў. Пасля адступіў. - А якая ж ты ў мяне стала зграбная, прыгожая! Ляжаць усёй Беларусі ля тваіх ножак. І няхай на мне на тым свеце Люцыпар смалу возіць, калі я, стары грахаводнік, праз месяц не буду піць на тваім вяселлі гарэлку з твайго туфліка. Толькі нешта вочкі сумненькія. Нічога, зараз развесялю.
І ён з чароўнай мядзведжай грацыяй крутануўся на абцасах.
- Антон, душа цёмная! Грышка, Пятрусь! Халера вас там схапіла, ці што?
З'явіліся Антон, Грышка і Пятрусь, згінаючыся пад цяжарам нейкіх вялізных пакункаў.
- Ну, разявакі-салапякі, кладзіце ўсё да ног гаспадыні. Разгортвай! Э-э, пэцкаль, у цябе што, рукі са... спіны растуць. Трымай, донька.
Перад Яноўскай ляжаў на падлозе вялізны пушысты кілім.
- Трымай, доня. Дзедаўскі яшчэ, але зусім неўжываны. Пакладзеш у спальні. У цябе там дзьме, а ногі ва ўсіх Яноўскіх былі нямоцныя. Будзе табе цёпла. Дарэмна ты ўсе ж, Надзейка, да мяне не пераехала два гады таму. Умаляў яе - не згадзілася. Ну, добра, зараз позна ўжо, вялікая стала. І мне лягчэй будзе, хай яго да д'ябла, гэтае апякунства.
- Прабачце, дзядзечка, - ціха сказала Яноўская, кранутая ўвагай апекуна. - Вы ведаеце, я хацела быць тут, дзе бацька... бацька.
- Ну-ну-ну, - няўмела сказаў Дубатоўк. - Пакінь. Я і сам да цябе амаль не ездзіў, ведаў, што будзеш хвалявацца. Сябры мы былі з Раманам. Нічога, донька, мы, вядома, людзі зямныя, хварэем на абжорства, п'яныя, але ж Бог павінен разбірацца ў душах. А калі ён разбіраецца, дык Раман хоць мінаў часцей царкву, а не карчму, даўно ўжо на небе анёлаў слухае ды глядзіць у вочы сваёй небарацы жонцы, а маёй стрыечнай сястры. Бог - ён таксама не дурань. Галоўнае - сумленне, а дзірка ў роце, куды чарка просіцца, апошняя справа. І глядзяць яны з неба на цябе, і не шкадуе маці, што смерцю сваёй дала табе жыццё: бач, якая ты каралеўна стала. Хутка і замуж, з рук апекуна на ласкавыя ды моцныя рукі мужа. Думаеш?
- Раней не думала, цяпер не ведаю, - раптам сказала пані Яноўская.
- Ну-ну, - пасур'ёзнеў Дубатоўк. - Але... абы чалавек добры. Не спяшайся вельмі. А зараз трымай яшчэ. Вось тут стары наш убор, сапраўдны, не якая-небудзь падробка. Пасля пойдзеш пераапранешся перад танцамі. Няма чаго гэту сучасную свірапяціцу насіць.
- Ён наўрад ці падыдзе, сапсуе выгляд, - лісліва пад'ехала нейкая дробная шляхцянка.
- А ты маўчы, каханая. Я ведаю, што раблю, - буркнуў Дубатоўк. - Ну, Надзейка, і нарэшце вось яшчэ апошняе. Доўга я думаў, ці падараваць гэта, але карыстацца чужым дабром не прывык. Гэта тваё, а сярод гэтых тваіх партрэтаў няма аднаго. Не павінен шэраг продкаў перарывацца. Ты сама ведаеш, бо ты старажытнейшага амаль ва ўсёй губерні роду.
На падлозе, вызвалены ад лёгкай белай ткані, стаяў вельмі стары партрэт такой незвычайнай, відаць, італьянскай работы, якой амаль не знойдзеш у беларускай іканаграфіі пачатку ХVІІ стагоддзя. Не было пляскатай сцяны за спіною, не вісеў на ёй герб. Было акно, адчыненае на вячэрнія балоты, быў змрочны дзень над імі, і быў мужчына, які сядзеў спіною да ўсяго гэтага. Няпэўнае блакітна-шэрае святло лілося на яго хударлявы твар, на моцна сплеценыя пальцы рук, на чорную з золатам вопратку.
І твар гэтага мужчыны быў жывейшы, ніж у жывога, і такі дзіўны, жорсткі і змрочны, што можна было спалохацца. Цені ляглі ў вачаніцах, і здавалася, нават жылка калацілася на павеках. І ў ім было радавое падабенства з тварам гаспадыні, але ўсё тое, што было ў Яноўскай прыемна і люба, тут было агідна. Вераломства, розум, хваравітая вар'яцінка чыталіся ў гэтым ганарлівым роце, уладнасць да закасцянеласці, непамяркоўнасць да фанатызму, жорсткасць да садызму. Я зрабіў два крокі ўбок - вялізныя, усё да дна разумеючыя ў тваёй душы вочы пасунуліся за мною і зноў глядзелі мне ў твар. Нехта ўздыхнуў.
- Раман Стары, - прыглушана адказаў Дубатоўк, але я сам зразумеў ужо, хто гэта такі, так правільна я яго ўявіў па словах легенды. Я здагадваўся, што гэта віноўнік радавога праклёну яшчэ і таму, што твар гаспадыні няўлоўна збялеў і яна ледзь прыкметна хіснулася.
Невядома, чым скончылася б гэтая нямая сцэна, але тут нехта моўчкі і непачціва штурхнуў мяне ў грудзі. Я пахіснуўся. Гэта Варона прабіўся праз натоўп і, імкнучыся прайсці да гаспадыні, адштурхнуў мяне. Ён спакойна ішоў далей, не папрасіўшы прабачэння, нават не павярнуўшыся ў мой бок, быццам на маім месцы стаяў нежывы прадмет.
Я паходзіў са звычайных інтэлігентаў, якія выслужвалі з пакалення ў пакаленне асабістае шляхецтва, былі вучонымі, інжынерамі - плебеямі з пункту гледжання гэтага пыхатага шляхцюка, у якога продак быў даездчыкам у багатага магната-забойцы. Мне часта даводзілася абараняць сваю годнасць перад такімі, і зараз увесь мой «плебейскі» гонар устаў на дыбкі.
- Пане, - голасна сказаў я. - Вы лічыце, што гэта годна сапраўднага двараніна - штурхнуць чалавека і не папрасіць у яго прабачэння?
Ён павярнуўся:
- Вы мне гэта?
- Вам, - спакойна адказаў я. - Сапраўдны шляхціц - гэта джэнтльмен.
Ён падышоў да мяне і з цікаўнасцю пачаў разглядаць.
- Гм, - спакойна сказаў ён. - Хто ж гэта будзе вучыць шляхціца правілам далікатнасці?
- Не ведаю, - спакойна і з'едліва адазваўся я. - Ва ўсякім разе, не вы. Неадукаваны ксёндз не павінен вучыць іншых лаціне.
Я праз яго плячо бачыў твар Надзеі Яноўскай і з радасцю заўважыў, што наша сварка адцягнула яе ўвагу ад партрэта. Фарба з'явілася на яе абліччы, а ў вачах штосьці падобнае на трывогу і жах.
- Выбірайце выразы, - працадзіў Варона.
- Чаму? І, галоўнае, з кім? Далікатны чалавек ведае, што ў кампаніі ветлівых трэба быць ветлівым, а ў кампаніі грубіянаў вышэйшая далікатнасць - плаціць ім той самай манетай.
Відаць, Варона не звык атрымліваць адпор ва ўсёй ваколіцы. Я ведаў такіх ганарыстых індыкоў. Ён здзівіўся, але пасля павярнуўся, кінуў позірк на гаспадыню, зноў павярнуўся да мяне, і ў вачах яго плесканулася каламутная ярасць.
- А вы ведаеце, з кім размаўляеце?
- З кім? З Панам Богам?
Я пабачыў, як поруч з гаспадыняй з'явіўся зацікаўлены твар Дубатоўка. Варона пачынаў кіпець.
- Вы размаўляеце са мною, з чалавекам, які звык драць за вушы розных парвеню.
- А вы не спыталі, можа, нейкія там парвеню часам могуць самі надраць вушы? І не падыходзьце, іначай, папярэджваю вас, ніводзін шляхціц не атрымае такой абразы дзеяннем, як вы ад мяне.
- Хамская бойка на кулакі! - выбухнуў ён.
- Што зробіш? - халодна заўважыў я. - Мне здаралася сустракаць дваран, на якіх іншае не дзейнічала. Яны не былі хамамі, іхнія продкі былі заслужанымі псарамі, даездчыкамі, альфонсамі ва ўдовых магнатак.
Я перахапіў яго руку і трымаў ля яго бока як абцугамі.
- Ну...
- Ах ты! - працадзіў ён.
- Панове, панове, супакойцеся! - з невымоўнай трывогай выкрыкнула Яноўская. - Пан Беларэцкі, не трэба, не трэба! Пан Варона, саромцеся!
Твар яе быў такі благальны.
Відаць, і Дубатоўк зразумеў, што час умяшацца. Ён падышоў, стаў між нас і паклаў на плячо Вароны цяжкую руку. Твар яго наліўся крывёй.
- Шчанюк! - выкрыкнуў ён. - І гэта беларус, гэта жыхар яноўскага наваколля, гэта шляхціц?! Так абразіць госця! Сорам маёй сівізне. Ты што, не бачыш, з кім завёўся? Гэта табе не нашы блазны з курынымі душонкамі, гэта не кураня, гэта - мужчына. І ён табе хутка абарве вусы. Вы дваранін, судар?
- Дваранін.
- Ну, вось бачыш, пан шляхціц. Калі табе трэба будзе з ім паразмаўляць - вы знойдзеце агульную мову. Гэта шляхціц, і добры шляхціц, хоць бы і продкам у сябры - не раўня сучасным смаркачам. Прасі прабачэння ў гаспадыні. Чуеш?
Варону як падмянілі. Ён прамармытаў нейкія словы і адышоў з Дубатоўкам убок. Я застаўся з гаспадыняй.
- Божа мой, пане Андрэй, я так спалохалася за вас. Не варта вам, такому добраму чалавеку, заводзіцца з ім.
Я ўзвёў вочы. Дубатоўк стаяў убаку і з цікавасцю пераводзіў позірк з мяне на пані Яноўскую.
- Надзея Раманаўна, - з нечаканай цеплынёю сказаў я. - Я вельмі вам удзячны, вы вельмі добры і шчыры чалавек, і вашу турботу за мяне, вашу прыязь я запамятаю надоўга. Што зробіш, мая гордасць - маё адзінае, я не даю нікому наступіць сабе на нагу.
- Вось бачыце, - апусціла яна вочы. - Вы зусім не такі. Многія з гэтых радавітых людзей паступіліся б. Відаць, сапраўдны шляхціц тут - вы, а яны толькі прыкідваюцца... Але запамятайце, я вельмі баюся за вас. Гэта небяспечны чалавек, чалавек з жахлівай рэпутацыяй.
- Ведаю, - жартаўліва адказаў я. - Гэта тутэйшы «зубр», помесь Наздрова...
- Не жартуйце. Гэта вядомы ў нас скандаліст і брэцёр. На яго сумленні сем забітых на дуэлі... І, магчыма, гэта горш для вас, што я стаю поруч з вамі. Разумееце?
Мне зусім не падабаўся гэты маленькі гномік жаночага полу з вялікімі сумнымі вачыма, я не цікавіўся, якія адносіны існавалі паміж ім і Варонай, быў Варона ўздыхальнікам або адрынутым паклоннікам, але за дабро плацяць уважлівасцю. Яна была такая мілая ў сваёй турбоце за мяне, што я (баюся, што вочы ў мяне былі сапраўды больш мяккімі, ніж трэба) узяў яе ручку і паднёс да вуснаў.
- Дзякую, пані гаспадыня.
Яна не ўзяла рукі, і яе празрыстыя нежывыя пальчыкі ледзь устрапянуліся пад маімі вуснамі. Словам, усё гэта надта нагадвала сентыментальны і трохі бульварны раман з жыцця вялікага свету.
Аркестра інвалідаў зайграла вальс «Міньён», і адразу ілюзія «вялікага свету» знікла. Аркестры адпавядалі ўборы, уборам адпавядалі танцы. Цымбалы, дуда, нешта падобнае да тамбурына, стары гудок і чатыры скрыпкі. Сярод скрыпачоў быў адзін цыган і адзін яўрэй, скрыпка якога ўвесь час намагалася замест вядомых мелодый іграць надта сумнае, а калі збівалася на весялосць, то ўсё выйгравала нешта падобнае на «Сямёра на скрыпцы». І танцы, якія даўно выйшлі з моды паўсюль: «Шаконь», «Па-дэ-дэ», нават «Лябедзік» - гэта манерная беларуская пародыя на менуэт. Добра яшчэ, што я ўсё гэта ўмеў танцаваць, бо любіў народныя і старадаўнія танцы.
- Дазвольце запрасіць вас, пані Надзея, на вальс.
Яна павагалася трохі, нясмела прыўзняла на мяне пушыстыя вейкі.
- Калісьці мяне вучылі. Напэўна, я забылася. Але...
І яна паклала руку, паклала неяк няўпэўнена, няёмка, ніжэй майго пляча. Я спачатку думаў, што мы будзем пасмешышчам для ўсяе залы, але хутка супакоіўся. Я ніколі не бачыў большай лёгкасці ў танцах, ніж у гэтай дзяўчыны. Яна не танцавала, яна лётала ў паветры, і я амаль нёс яе над падлогай. І лёгка было, бо ў ёй, як мне здавалася, не было больш за 125 фунтаў. Прыблізна на сярэдзіне танца я заўважыў, як твар яе, да таго засяроджаны і няпэўны, стаў раптам простым і вельмі мілым. Вочы заіскрыліся, ніжняя губка трошкі выдалася наперад.
Пасля танцавалі яшчэ. Яна дзіўна пажвавела, паружавела і такое ззянне маладосці, ап'янення, радасці з'явілася на яе твары, што мне стала цёпла на сэрцы.
«Вось я, - як быццам казала яе душа праз вочы, вялікія, чорныя і бліскучыя, - вось яна я. Вы думалі, што мяне няма, а я тут, а я тут. Хоць у адзін гэты кароткі вечар я паказалася вам, і вы здзівіліся. Вы лічылі мяне нежывой, бледнай, бяскроўнай, як парастак вяргіні ў падполлі, але вы вынеслі мяне на свет, я так вам усім удзячна, вы такія добрыя. Бачыце, і жывая зелень з'явілася ў маей сцябліне, і хутка, калі будзе прыпякаць сонейка, я пакажу ўсяму свету цудоўную ружовую кветку сваю. Толькі не трэба, не трэба мяне адносіць зноў у падпол».
Незвычайны быў выраз радасці і адчування паўнацэннасці ў яе вачах. Я таксама захапіўся ім, і вочы мае, напэўна, таксама заблішчалі. Толькі краем вока бачыў я навакольнае.
І раптам вавёрка зноў схавалася ў дупло, радасць знікла з яе вачэй, і той самы жах пасяліўся за веямі: Варона даваў указанні двум лёкаям, якія вешалі над камінам партрэт Рамана Старога.
Музыка змоўкла. Да нас набліжаўся Дубатоўк, чырвоны і вясёлы.
- Надзеечка, прыгажунька ты мая. Дазвольце старому хрэну лапэтку.
Ён цяжка ўпаў на калена і, смеючыся, пацалаваў яе руку.
А яшчэ праз хвіліну казаў зусім іншым тонам:
- Правіла яноўскага наваколля такое, што трэба агаласіць апякунскую справаздачу адразу, як толькі апякаемай споўніцца васемнаццаць год, гадзіна ў гадзіну.
Ён выцягнуў з кішэні вялізную срэбную з сіняй эмаллю цыбуліну гадзінніка і, зрабіўшыся афіцыйным і падцягнутым, агаласіў:
- Сем гадзін. Мы ідзём агалошваць справаздачу. Пайду я, а за другога апекуна, пана Калатэчу-Казлоўскага, які жыве ў губерні і па хваробе не мог прыехаць, пойдуць па даверу пан Сава-Стахоўскі і пан Алесь Варона. Патрэбен яшчэ нехта са старонніх. Ну... (вочы яго дапытліва затрымаліся на маёй асобе), ну, хоць вы. Вы яшчэ чалавек малады, жыць будзеце доўга і зможаце потым засведчыць, што ўсё тут рабілася шчыра, па старых звычаях і сумленню чалавечаму. Пані Яноўская - з намі.
Наша нарада адбывалася нядоўга. Спачатку прачыталі вопіс маёмасці, рухомай і нерухомай, якая засталася па тэстаменту ад бацькі. Выявілася, што гэта галоўным чынам палац з абсталяваннем і парк, маярат, з якога ніводная рэч не павінна знікнуць і які павінен «у велькшай славе падтрымліваць гонар роду».
«Добры гонар, - падумаў я. - Гонар здохнуць з голаду ў багатым доме».
Дубатоўк давёў, што нерухомая маёмасць збераглася непарушна.
Пасля выявілася, што па субстытуцыі старэйшай і адзінай наследніцай з'яўляецца пані Надзея Яноўская.
Перайшлі да прыбыткаў. Дубатоўк паведаміў, што невялічкі капітал, змешчаны Раманам Яноўскім у дзвюх банкірскіх канторах пад восем працэнтаў без права чапаць асноўны капітал, дае зараз ад ста пяцідзесяці да ста сямідзесяці рублёў штомесячна. Гэты прыбытак нават павялічыўся дбаннем апекуна, мала гэтага, атрымалася прыбаўка да асноўнага капіталу ў дзвесце восемдзесят пяць рублёў, якія, пры жаданні, могуць пайсці на пасаг спадчынніцы.
Усе пакруцілі галовамі. Прыбыткі былі мізэрнымі, асабліва пры неабходнасці падтрымліваць парадак.
- А як плаціць слугам? - спытаў я.
- Ім выдзелена ў тэстаменце частка спадчыны, бо яны - неад'емная частка маярату.
- Я прасіў бы пана Дубатоўка растлумачыць мне, як справа з заарандаванай зямлёю пры маёнтку Балотныя Яліны? - спытаў Сава-Стахоўскі, маленькі хударлявы чалавечак з такімі вострымі каленямі, што яны, здавалася, вось-вось прарэжуць яго светлыя штонікі. Ён, відаць заўжды трохі пікіраваўся з Дубатоўкам і даў яму зараз нейкае з'едлівае пытанне. Але той не зніякавеў. Ён выцягнуў вялікія срэбныя акуляры, хустку, якую расклаў на каленях, пасля ключ і толькі пасля гэтага клапцік паперы. Акуляры ён, аднак, не надзеў і пачаў чытаць:
- «У прадзеда пані Яноўскай было дзесяць тысяч дзесяцін добрай ворнай зямлі, не лічачы лесу». У пані Яноўскай, як гэта вам, напэўна, вядома, шаноўны пан Стахоўскі, 50 дзесяцін ворнай зямлі, значна спустошанай. У яе таксама ёсць парк, які не дае ні шэлега, і пушча, якая практычна таксама маярат, бо гэта запаветны лес. Скажам прама, мы маглі б паступіцца гэтым правілам, але, па-першае, доступ у гэту пушчу для дрывасекаў немагчымы па прычыне навакольнай дрыгвы. А па-другое, ці разумна гэта? У Яноўскай могуць быць дзеці. Што рабіць ім на 50 дзесяцінах беднай зямлі? Тады род зусім занепадзе. Вядома, пані зараз дарослая, яна сама можа...
- Я згодна з вамі, дзядзька, - саромеючыся да слёз, сказала Надзея Раманаўна. - Няхай пушча стаіць. Я рада, што да яе толькі сцежкі, і то ў сухмень. Шкода зводзіць такі лес. Пушчы - гэта божыя сады.
- Дык вось, - казаў далей апякун, - акрамя гэтага, пані належыць амаль усё яноўскае наваколле, але гэта дрыгва, тарфяныя балоты і пустэчы, на якіх не расце нічога, акрамя верасу. На гэтай зямлі не жывуць колькі сягае ў гады памяць чалавечая. Значыцца, возьмем толькі 50 дзесяцін, якія здаюцца ў арэнду за другі сноп. Зямля няўгноеная, вырошчваюць на ёй толькі жыта, і гэта дае трыццаць, сама больш сорак пудоў з дзеснціны. Кошт жыта - 50 капеек пуд, значыцца - дзесяціна дае даход у дзесяць рублёў на год, і, значыцца, з усёй зямлі 500 рублёў у год. Вось і ўсё. Гэтыя грошы не затрымліваюцца, можаце мяне праверыць, пан Стахоўскі.
Я пахітаў галавою. Гаспадыня вялікага маёнтка атрымлівала трохі больш двухсот рублёў прыбытку ў месяц. А сярэдні чыноўнік атрымліваў 125 рублёў. У Яноўскай было дзе жыць і было што есці, але гэта была непрыхаваная галеча, галеча без прасвятлення. Я, галяк, вучоны і журналіст, аўтар чатырох кніг, меў рублёў чатырыста ў месяц. І мне не трэба было рамантаваць гэтую прорву - палац, рабіць падарункі слугам, трымаць у адносным парадку парк. Я быў поруч з ёю Крэз.
Мне было шкада яе, гэтага дзіцёнка, на плечы якога ўпаў такі непасільны цяжар.
- Вы вельмі небагаты чалавек, - сумна сказаў Дубатоўк. - На руках у вас, уласна кажучы, застаюцца пасля ўсіх выдаткаў капейкі.
І ён кінуў позірк у мой бок, вельмі выразны і шматзначны позірк, але мой твар не выразіў нічога. Ды і сапраўды, якое гэта мела дачыненне да мяне?
Дакументы перадалі новай гаспадыні. Дубатоўк абяцаў даць загады Берману, пасля пацалаваў Яноўскую ў лоб і выйшаў. Мы ўсе таксама выйшлі ў залу, дзе публіка паспела ўжо замарыцца ад танцаў.
Дубатоўк адразу зноў выклікаў выбух запалу, уздыму і весялосці. Я не ўмеў скакаць нейкага мясцовага танца, і таму Яноўскую адразу памчаў Варона. Пасля яна кудысьці знікла. Я глядзеў на танцы, калі раптам адчуў нечы позірк. Непадалёк ад мяне стаяў танклявы, але, відаць, моцны малады чалавек, белавалосы, з вельмі прыемным і шчырым тварам, апрануты сціпла, але з падкрэсленай акуратнасцю.
Я не бачыў, адкуль ён з'явіўся, але ён адразу спадабаўся мне, спадабалася нават мяккая аскетычнасць у прыгожым вялікім роце і разумных карых вачах. Я ўсміхнуўся яму, і ён, як быццам толькі і чакаў гэтага, падышоў да мяне вялікімі і плаўнымі крокамі, працягнуў мне руку:
- Прабачце, я без цырымоній, Андрэй Свеціловіч. Даўно жадаў пазнаёміцца з вамі. Я студэнт... былы студэнт Кіеўскага ўніверсітэта. Зараз мяне выключылі... за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях.
Я таксама адрэкамендаваўся. Ён усміхнуўся шырокай белазубай усмешкаю, такой яснай і добрай, што твар адразу зрабіўся гожым:
- Я ведаю, я чытаў вашы зборнікі. Не палічыце за камплімент, я, наогул, не аматар гэтага, але вы мне сталі пасля іх вельмі сімпатычным. Вы займаецеся такой карыснай і патрэбнай справай і добра разумееце свае задачы. Я мяркую па вашых прадмовах.
Мы разгаварыліся і разам адышлі да акна ў дальнім кутку залы. Я спытаў, як ён трапіў да Балотных Ялін. Ён засмяяўся:
- Я далёкі сваяк Надзеі Раманаўны. Вельмі далёкі. Уласна кажучы, ад усяго кораня Яноўскіх зараз засталіся на зямлі толькі яна ды я, па жаночай лініі. Здаецца, такая-сякая кропля крыві гэтых былых дэйноўскіх князькоў цячэ яшчэ і ў жылах Гарабурды, але яго сваяцтва, як і сваяцтва Грыцкевічавых, не даказаў бы ніводны знаўца геральдыкі... Гэта проста радавое паданне. А сапраўдная Яноўская толькі адна яна.
Твар яго памякчэў, стаў задумлівым.
- І наогул, усё гэта глупства. Усе гэтыя геральдычныя казусы, князькі, магнацкія маяраты. Каб была мая воля, я б выпусціў з жылаў магнацкую сваю кроў. Гэта толькі прычына для вялікіх пакут сумлення. Мне здаецца, гэта і ў Надзеі Раманаўны так.
- А мне сказалі, што Надзея Раманаўна адзіная з Яноўскіх.
- Вядома, так. Я вельмі далёкі сваяк, і да таго ж мяне лічылі памёршым. Я не наведваўся ў Балотныя Яліны пяць год, а зараз мне дваццаць тры. Бацька адаслаў мяне адсюль, бо я ў васемнаццаць год паміраў ад кахання да трынаццацігадовай дзяўчыны. Уласна кажучы, гэта нічога, варта было пачакаць два гады, але бацька верыў у старажытную сілу праклёну.
- Ну і як, дапамагла вам высылка? - спытаў я.
- Ані на шэлег. Мала таго, дзвюх сустрэч было дастаткова, каб я адчуў, што старое абажанне перарасло ў каханне.
- І як глядзіць на гэта Надзея Раманаўна?
Ён пачырванеў так, што ў яго нават слёзы навярнуліся на вочы.
- О!.. Вы здагадаліся! Я вельмі прашу вас маўчаць пра гэта! Справа ў тым, што я не ведаю яшчэ. Ды гэта не так важліва, паверце... паверце мне. Мне гэта не важліва. Мне проста добра з ёю, і нават калі яна будзе раўнадушнай да мяне, мне, паверце, будзе таксама шчасна і хораша жыць на зямлі: яна ж будзе існаваць на ёй таксама. Яна незвычайны чалавек. Вакол яе такое бруднае свінства, непрыхаванае рабства, а яна такая чыстая і добрая.
Я ўсміхнуўся ад раптоўнага замілавання да гэтага хлапчука з добрым і ясным тварам, а ён, відаць, палічыў усмешку за кпін.
- Ну вось, вы ўсміхаецеся таксама, як нябожчык бацька, як дзядзька Дубатоўк. Сорамна вам...
- Я і не думаю смяяцца, пан Андрэй. Мне проста добра чуць ад вас такія словы. Вы чысты і харошы чалавек. Толькі не трэба вам камусьці яшчэ казаць пра гэта. Вось вы тут вымавілі імя Дубатоўка.
- Дзякуй вам за добрае слова. Але няўжо вы думалі, што я камусьці казаў пра гэта, што я такі нягоднік? Вы ж здагадаліся. І дзядзька Дубатоўк таксама чамусьці здагадаўся.
- Добра, што здагадаўся Дубатоўк, а не Алесь Варона, - сказаў я. - Іначай справа скончылася б дрэнна для кагосьці з вас. Дубатоўк - гэта нічога. Ён апякун, яму цікава, каб Надзея Раманаўна знайшла добрага мужа. І ён, мне здаецца, добры чалавек, нікому не скажа, як і я. Але вам трэба наогул маўчаць пра гэта.
- Гэта праўда, - вінавата сказаў ён. - Я і не падумаў, што нават маленькі намёк шкодны для гаспадыні. І праўда ваша, які добры, шчыры чалавек Дубатоўк! Сапраўдны стары пан-рубака, просты і патрыярхальны! І такі шчыры, такі вясёлы! І так ён любіць людзей і нікому пе перашкаджае жыць! А мова ягоная?! Я як пачуў, дык мяне быццам па сэрцы цёплай рукой нехта гладзіць. Ах, які добры, добры чалавек!
Нават вочы яго ўвільготніліся, так ён любіў Дубатоўка. І я таксама быў шмат у чым з ім згодзен.
- Вы ведаеце зараз, пан Беларэцкі, а больш не будзе ведаць ніхто. Я разумею, я не буду кампраметаваць яе. І наогул я буду маўчаць. Вось вы танцуеце з ёй, а мне радасна. Размаўляе яна з іншым - мне радасна. Хай толькі ёй будзе шчасце. Але я вам шчыра кажу. - Голас яго ўзмацнеў, а твар стаў як у юнака Давіда, які выходзіць на бой з Галіяфам. - Калі я буду за трыдзевяць краін і сэрцам пачую, што яе нехта збіраецца крыўдзіць, я прылячу адтуль і, хоць бы гэта быў сам Бог, разаб'ю яму галаву, кусаць буду, біцца да апошняга, каб пасля толькі прыпаўзці да яе ног і здохнуць там. Паверце мне. Здалёк - і заўжды з ёю.
Гледзячы на яго твар, я разумеў, чаму баяцца ўладу маючыя такіх вось стройных, чыстых і сумленных юнакоў. У іх, вядома, шырокія вочы, дзіцячая ўсмешка, юнацкія слабыя рукі, шыя ганарлівая і стройная, белая, як мармуровая, як быццам назнарок створана для сякеры ката, але ў іх яшчэ і непрыміручасць, сумленне да канца нават у дробязях, няўменне лічыцца з перавагаю чужой грубай сілы і фанатычная вернасць праўдзе. У жыцці яны нявопытныя, даверлівыя дзеці да сівых валос, у служэнні праўдзе - горкія, іранічныя, адданыя да канца, мудрыя і нязломныя. А дрэнь баіцца такіх нават тады, калі яны яшчэ не пачыналі дзейнічаць, і, кіруючыся інстынктам, уласцівым погані, цкуе іх заўсёды. Дрэнь ведае, што яны - самая найвялікшая небяспека для яе існавання.
Я зразумеў, што дай такому ў рукі пісталет, і ён, усё з той самай шчырай белазубай усмешкаю, падыдзе да тырана, усадзіць у яго кулю і пасля спакойна скажа смерці: «Хадзі сюды». І ён вытрымае найбольшыя пакуты спакойна і, калі не памрэ ў турме ад прагі волі, спакойна пойдзе на эшафот.
І такі невыказны давер выклікаў у мяне гэты чалавек, што рукі нашы сустрэліся, і я ўсміхнуўся яму, як другу.
- За што вас выключылі, пан Свеціловіч?
- Ат, глупства! Пачалося з ушанавання памяці Шаўчэнкі. Студэнты, вядома, былі аднымі з першых. Нам прыгразілі, што ва ўніверсітэт увядуць паліцыю. - Ён аж пачырванеў. - Ну, мы пачалі крычаць. А я крыкнуў, што калі яны толькі пасмеюць зрабіць гэта са святымі нашымі мурамі, дык мы крывёю змыем з іх ганьбу. І першая куля будзе таму, хто дасць такі загад. Пасля мы высыпалі з будынка, пачаўся шум, і мяне схапілі. А калі ў паліцыі спыталі пра нацыянальнасць, дык я адказаў: «Пішы: украінец».
- Добра сказана.
- Я ведаю, гэта вельмі неасцярожна для тых, хто ўзяўся змагацца.
- Не, гэта добра і для іх. Адзін такі адказ варты дзесятка куль. І гэта азначае, што супраць агульнага ворага - усе. І няма ніякай розніцы паміж беларусам і ўкраінцам, калі над спіною вісіць бізун.
Мы моўчкі глядзелі на танцуючых аж датуль, пакуль рот Свеціловіча не перасмыкнула.
- Танцуюць. Чорт іх ведае што такое. Паноптыкум нейкі... дапатопныя яшчары. У профіль не твары, а звярыныя морды. Мазгоў - з напарстак, а сківіцы, як у дыназаўра, на семсот зубоў. І сукні са шлёпамі. І гэтыя страшныя твары вырадкаў... Усё ж такі няшчасны мы народ, пан Беларэцкі.
- Чаму?
- У нас ніколі не было сапраўдных уладароў думак.
- Можа, гэта і лепш, - сказаў я.
- І ўсё ж непрытульны мы народ... І гэты ганебны гандаль радзімай на працягу сямі стагоддзяў. Спачатку Літве*, пасля, ледзь народ паспеў асіміляваць яе, палякам, усім, каму не лянота, каму хочацца, забыўшы гонар, забыўшы сумленне.
* Тут адлюстроўваецца міф пра «заваёву» беларускіх земляў племем літва. (Заўв. рэдактара)
На нас пачалі аглядацца танцуючыя.
- Бачыце, аглядаюцца. Калі чалавек крычыць - ім не падабаецца. Яны тут усе - адно кодла. Топчуць маленькіх, выракаюцца сумлення, прадаюць багатым дзядам дзяўчат. Вось бачыце гэтага Саву-Стахоўскага: я б каня не паставіў з ім у адной стайні, баючыся за конскую мараль. А гэта Хобалева, павятовая Месаліна. І гэты, Асановіч, звёў у магілу прыгонную дзяўчыну. Зараз у яго няма на гэта права, але ён усё адно распуснічае. Няшчасная Беларусь! Добры, памяркоўны, рамантычны народ у руках такой поскудзі. І пакуль гэты народ будзе дурнем, так будзе заўсёды. Аддае чужынцам лепшых сваіх сыноў, лепшых паэтаў, дзетак сваіх наракае чужынцамі, прарокаў сваіх, быццам вельмі багаты. А сваіх герояў аддае на прэнг, а сам сядзіць у клетцы над міскай з бульбай ды бручкай і лыпае вачыма. Дорага б я даў таму чалавеку, які скіне нарэшце з шыі народа ўсіх гэтых гнілых шляхцюкоў, тупых Homo Novus'аў, пыхатых выскачак, прадажных журналістаў і зробіць яго гаспадаром уласнага лёсу. Усю кроў аддаў бы.
Відаць, пачуцці мае абвастрыліся: я ўсё адчуваў на спіне чыйсьці позірк. Калі Свеціловіч скончыў - я павярнуўся і... стаў ашаломлены. Надзея Яноўская стаяла і слухала нас. Але гэта была не яна, гэта была мара, лясны дух, казачная здань. Яна была ў сярэдневяковай жаночай вопратцы: сукня, на якую пайшло пяцьдзесят локцяў залацістага варшанскага атласа, паверх яе другая, белая з блакітнымі, адліваючымі срэбрам, разводамі і шматлікімі разрузамі на рукавах і падоле. Стан, сціснуты ў снуроўку, быў перавіты тонкім залацістым снурам, які падаў амаль да зямлі двума кутасамі. А на плячах быў тонкі рубок з белага табіну. Валасы былі ўзяты ў сетку і ўпрыгожаны шлягавым вянком, старажытным жаночым уборам, які трохі нагадваў караблік, зроблены са срэбных ніцей. З абодвух рагоў гэтага карабліка звісаў да зямлі тонкі белы вэлюм.
Гэта была каралеўна-лебедзь, уладарка бурштынавага палаца, словам, чорт ведае што, толькі не даўняе брыдкае качанё. Я сам пабачыў, як вочы Дубатоўка вырачыліся і ніжняя сківіца адвісла: ён, відаць, і сам не чакаў такога. Віскнула скрыпка. Стала цішыня.
А яна ішла проста да мяне.
Гэта даволі нязручны ўбор, і звычайна ён псуе нязвыклую да яго жанчыну - скоўвае яе рухі, робіць цяжкай і мехаватай, але гэтая несла яго, як каралева, быццам усё жыццё толькі яго і насіла: горда адкінуўшы галаву, яна плыла паважна, жаноцкі. І лукава, і ганарліва ўсміхаліся з-пад вэлюму яе вялікія вочы, абуджаныя пачуццём уласнай прыгажосці.
Дубатоўк аж рохкнуў ад здзіўлення і пайшоў да яе, усё паскараючы крок. З незразумелым выразам болю ў вачах узяў яе твар у далоні і пацалаваў у лоб,буркнуўшы нешта накшталт «такую прыгажосць!..».
А пасля вусны яго зноў расплыліся ўсмешкаю:
- Каралева! Прыгажуня мая! Дачакаліся, святыя балеснічкі! Яноўская, Яноўская да мезенца!!! Дазволь, донечка, ножку.
І гэты вялізны мехаваты чалавек, крэкчучы, распасцёрся на падлозе і дакрануўся вуснамі да наска яе маленькіх туфлікаў. Пасля ўзняўся і зарагатаў:
- Ну, доня, трэба табе з такім капіталам сядзець ціхутка, як мыш, а то яшчэ ўкрадуць.
І раптам падміргнуў:
- А што, каб нам старыною трахнуць, як ты яшчэ дзяўчынкай са мною скакала? Падаруй старому бабру адзін танец, а там хоць і паміраць.
Белая каралева працягнула яму руку.
- Гэй, лябедзікі! - крыкнуў інвалідам Дубатоўк. - Давайце спачатку нашага «Ветрыку» кругі з два, а потым, з майго месца, - ведаеце, якое? - пераходзьце на мазура!
І сакрэтна звярнуўся да мяне:
- Усім добрыя нашы танцы, але такога агнявога, як польскі мазур, няма. «Лявоніха» - толькі яна і магла б паспрачацца, але для яе трэба некалькі пар, а гэтыя бабздыры і слінцяйчыкі хіба могуць? Тут трэба балетнымі нагамі валодаць, вось як у мяне.
І зарагатаў. А я з жахам глядзеў на яго ногі-шынкі і думаў: «Што ён зробіць з добрага танца?!»
Між тым усе адышлі ўбок, расчысцілі месца. Я чуў галасы:
- Сам... Сам будзе скакаць.
Я не пайшоў ад гэтай прафанацыі далей толькі таму, што жадаў паглядзець на забыты танец, пра які я толькі аднойчы чуў і які, як кажуць, быў вельмі распаўсюджаны год восемдзесят таму.
Вялізная туша Дубатоўка выпрасталася, ён хмыкнуў і ўзяў Яноўскую шчопанню зверху за празрыстую кісць левай рукі.
З першымі ж тактамі «Ветрыку» ён стукнуў абцасамі і пайшоў трайным крокам, то з правай, то з левай нагі. І яго туша рухалася нечакана лёгка, спачатку прыстукваючы абцасамі пасля кожных трох крокаў, а пасля проста так, на цыпках. А поруч з ім плыла яна, проста плыла ў паветры, залацістая, белая, блакітная, як райская птушка, і вэлюм яе віўся ў паветры.
Пасля яны круціліся, плылі, то збліжаючыся, то аддаляючыся, то перасякаючы адзін аднаму шлях. Не, гэта не была прафанацыя, як не з'яўляецца прафанацыяй танец старога нацяжэлага танцора, які быў калісьці вялікім майстрам. Гэта быў сапраўды «Ветрык», які паступова пераходзіў у буру, і вось ужо толькі круціўся ў паветры вэлюм, мільгацелі ногі... І раптам музыкі раўнулі мазура. Гэта быў не цалкам мазур, гэта была нейкая спрадвечная мясцовая варыяцыя на яго тэму, якая ўключала ў сябе элементы таго самага «Ветрыку».
І тут туша памчалася наперад, загрукала абцасамі, па-кацячы мякка пачала заносіцца ў паветра, стукаючы ў ім нагой аб нагу. А поруч плыла яна, лёгкая, усмешлівая, вялікасная.
Гэта было сапраўднае дзіва, нябачаны цуд: два чалавекі ў старажытных вопратках стваралі перад намі гэтую казку.
Зрабіўшы круг, Дубатоўк падвёў Яноўскую да мяне. Ён быў чырвоны як рак.
- Замарыла яна мяне... «Вы, дзядзечка, як малады». Ма-ала-ды, ма-ла-ды! Не, няма чаго казаць, з'ездзіўся конь. Пашлюць мяне хутка да Абрама па піва. Вам, маладыя, жыць, вам песні спяваць, скокі скакаць. Скачы, хлопча.
Зноў пачаліся танцы. Свеціловіч танцаваць не любіў. Варона дзьмуўся і таксама не падыходзіў, і мне давялося танцаваць з ёю да самай вячэры. І як яна танцавала! Я мімаволі заглядзеўся на гэты дзіцячы твар, які раптам стаў такім жвавым і прыемна хітраватым. Мы танцавалі, і нам усё было мала, мы мчаліся па зале, плылі ў паветры, сцены круціліся вакол, і на іх нельга было нічога заўважыць. Напэўна, і яна адчувала тое самае, што я, а маё пачуццё можна параўнаць толькі з тымі снамі, якія часам бываюць у юнацтве: табе сніцца, што ты танцуеш, і нязначае шчасце ахапляе сэрца. Бачыў я толькі яе ружовы закінуты твар, галаву, якая злёгку пахіствалася ў такт музыцы.
Пайшлі вячэраць. Калі я вёў яе ў сталовую, мне здалося, што я чую ў кутку залы нейкае шыпенне. Я глянуў туды, у змрок, пабачыў нечыя вочы - там сядзелі старыя панны - і пайшоў далей. І выразна пачуў, адышоўшы, як сухі голас сказаў:
- Весяліцца, як перад пагібеллю. Награшылі, прагнявілі Бога і яшчэ весяляцца. Кляты род... Нічога, хутка прыйдзе дзікае паляванне... Ач, бессаромніца, цэлы вечар з гэтым чужынцам, з бязбожнікам. Сябра сабе знайшла... Нічога, пабажуся, што і на яе кароль Стах паўстане. Пачынаюцца цёмныя ночы.
Гэтыя халодныя словы напоўнілі мяне трывогай. Сапраўды, я паеду і, магчыма, пазбаўлю гэту дзяўчыну магчымасці выйсці замуж. Нашто я з ёю цэлы вечар? Што я раблю? Я ж зусім, зусім не кахаю яе і ніколі не буду кахаць, бо ведаю сваё сэрца. І я цвёрда вырашыў не танцаваць больш з ёю і не сядзець поруч за сталом. І наогул, трэба ехаць. Хопіць гэтай панска-шляхецкай ідыліі, хутчэй да простых людзей, да працы. Я пасадзіў яе і стаў поруч, цвёрда намерваючыся спаймаць Свеціловіча і пасадзіць з ёю. Але ўсе мае намеры расплыліся дымам. Свеціловіч як увайшоў, так і сеў у канцы стала. А Дубатоўк шчыльна сеў справа ад гаспадыні і буркнуў:
- Што стаіш? Сядай, браце.
І калі я сеў, дадаў:
- Добры з цябе шляхціц бы атрымаўся год сто таму. Рукі моцныя, вочы сталёвыя. І сабою гожы. Толькі цікава мне ведаць, ці сур'ёзны ты чалавек? Ці не шалыган ты часам?
І я быў вымушаны сядзець поруч з гаспадыняй: служыць ёй, дакранацца рукою да яе рукі, часам датыкацца каленам да яе калена. І добра мне было, і ў той жа час злосць разбірала на Дубатоўка. Сядзіць хмуры, як цмок, глядзіць на мяне дапытліва. На мужа сваёй падапечнай прымервае, ці што?
Хутка ўсе развесяліліся. Было шмат з'едзена і яшчэ больш выпіта. Твары пачырванелі, досціпы сыпаліся градам. А Дубатоўк піў і еў больш за ўсіх, адпускаючы жарты, ад якіх усе за жываты браліся.
І злосць мая паступова прайшла. Я нават быў удзячны Дубатоўку, што ён затрымаў мяне тут.
А пасля зноў былі танцы, і толькі гадзін у пяць ночы госці пачалі раз'язджацца. Дубатоўк ад'язджаў адным з апошніх. Праходзячы міма нас,ён падышоў бліжэй і хрыпата сказаў:
- Вось што, хлопча. Запрашаю цябе да мяне праз дзень на халастую гулянку. А як ты, донька, можа, і ты паедзеш да нас, з пасербіцай пасядзіш?
- Не, дзядзечка, дзякую. Я застануся дома.
Волат уздыхнуў:
- Губіш ты сябе, доня. Ну, добра. А цябе чакаю. Глядзі. У мяне хата без гэтых заморскіх жартаў, табе гэта цікава.
Мы развіталіся з ім, шчыра развітаўся я з Свеціловічам.
Дом пусцеў, заціхалі крокі, ён зноў ставаў глухім і нямым, магчыма, яшчэ на васемнаццаць год. Слугі хадзілі і гасілі свечкі. Яна знікла, і, калі я ўвайшоў у залу, я пабачыў яе ў яе казачным уборы ля палаючага каміна. Зноў цемра агарнула куты залы, у якой яшчэ, здавалася, жылі гукі музыкі і смех. Дом пачаў жыць звычайным жыццём - цёмным, глухім і змрочным.
Я падышоў бліжэй і раптам пабачыў яе бледны твар, на якім згаслі апошнія сляды радасці. Вецер завыў у коміне.
- Пан Беларэцкі, - сказала яна. - Як глуха. Я адвыкла ад гэтага. Пройдземся з вамі яшчэ адзін вальс, перш чым назаўсёды...
Голас яе перасекся. Я паклаў руку на яе стан, і мы, падпарадкоўваючыся ўнутранай музыцы, якая яшчэ гучала ў нашых вушах, паплылі па зале. Шоргат нашых ног глуха аддаваўся над столлю. Мне было чамусьці нават страшна, нібы я прысутнічаў на пахаванні, а яна зноў перажывала ўвесь вечар. Стан яе, тонкі і гнуткі, трошкі хістаўся пад маёй рукою, веяў яе вэлюм, жарам успыхвала сукня, калі мы траплялі ў водбліск каміннага полымя, рабілася блакітнай, калі мы траплялі ў цемру. Гэты старажытны ўбор, гэты вэлюм, які кранаўся часам майго твару, гэты стан пад маёй рукою і задуменныя апушчаныя вочы, напэўна, ніколі не будуць забыты мной.
І раптам яна прыткнулася лбом на імгненне да майго пляча.
- Усё. Не магу больш. Даволі. Гэта ўсё. Дзякуй вам... за ўсё.
Я паглядзеў на яе і пабачыў вочы, якія блішчалі ад нявыплаканых слёз.
Гэта было сапраўды ўсё. Яна пайшла ў свой пакой, а я ўсё глядзеў на маленькую фігурку ў старажытным убранні, якая ішла па зале, губляючыся ў цемры пад позіркамі продкаў са сцяны.
Я забыўся ў гэту ноч пагасіць свечку на століку ля акна і ляжаў у шырокім, як луг, ложку, ужо засынаючы, калі маю дрымоту перарвалі зноў крокі ў калідоры. Ведаючы, што зноў нікога не заўважу, калі выгляну, я ляжаў спакойна. Хутка крокі зніклі. Я пачаў быў зноў драмаць, калі раптам страпянуўся.
Праз шыбу глядзеў на мяне чалавечы твар.
Чалавек быў сапраўды вельмі маленькі (я бачыў яго амаль па пояс), у каптане з шырокім каўняром. Гэта быў чалавек і ўсё ж нечалавечая істота. Яе галоўка была сціснута з бакоў і ненатуральна выцягнута ў даўжыню, рэдкія доўгія валасы звісалі з яе. Але самым дзіўным быў твар Малога Чалавека. Ён быў амаль такі зялёны, як вопратка, рот вялікі і без вуснаў, нос маленькі, а ніжнія павекі былі непамерна вялікія, як у жабы. Я параўнаў яго з малпай, але хутчэй гэта быў твар сапраўднай жабы. І вочы, шырокія, цёмныя, глядзелі на мяне з тупой злосцю і яшчэ чымсьці незразумелым. Пасля з'явілася ненатуральна доўгая зеленаватая рука. Істота глуха застагнала, і гэта абудзіла мяне ад здранцвення. Я кінуўся да акна і заўважыў, што Малога Чалавека няма. Ён знік.
Я з трэскам адчыніў акно - халоднае паветра лінула ў пакой. Высунуўшы галаву, я глядзеў на ўсе бакі - нікога. Ён як выпарыўся. Скокнуць уніз ён не мог, у гэтым месцы пад двума паверхамі быў яшчэ трэці (дом стаяў часткова на схіле), вокны справа і злева былі зачынены, ды і карніз быў такі вузкі, што па ім не прабегла б і мыш. Я зачыніў акно і задумаўся, упершыню ўзяўшы пад сумненне свае разумовыя здольнасці.
Што гэта было? Я не верыў ні ў Бога, ні ў здані, але жывым чалавекам гэтая істота быць не магла. Ды і скуль яна магла з'явіцца, куды магла знікнуць? Дзе магла існаваць? Нешта нядобрае і таемнае было ў гэтым доме. Што гэта такое? Няўжо сапраўды здань? Ўсё маё выхаванне паўстала супраць гэтага. А можа, я п'яны? Не, я амаль не піў. Ды і скуль з'явіліся б зноў тыя крокі, што зараз гучаць у калідоры? Ці гучалі яны тады, калі я бачыў твар гэтай пачвары ў акне.
Цікаўнасць мая дайшла да мяжы немагчымага. Не, я не паеду адсюль заўтра, як думаў, я павінен разгадаць усё гэта. Жанчына, якая падаравала мне сёння яшчэ адзін добры ўспамін, вар'яцее тут ад жаху, тут робіцца нешта несумяшчальнае з законамі натуры, а я паеду? Але хто дапаможа мне? Хто? Хто дапаможа мне ў пошуках? І прыпомніліся мне словы Свеціловіча: «Прыпаўзу да яе ног і памру». Так, з ім я і павінен сустрэцца. Мы спаймаем гэтую поскудзь, а калі не - я паверу ў існаванне зялёных зданяў і анелаў божых.
А книжка про Дике Полювання цікава, я в дитинстві її український переклад читав.
За цю книжку зараз в бульбостані можна на болота поїхати.
Я взагалі за час війни зрозумів (НАРЕШТІ зрозумів за все своє 30+ життя! 😅), що "порахуй до 30, а потім роби, що хотів" - працює. Бо я у себе один і витрачати час на [random fckin thing name] - це непродуктивне заняття. Тому коли я бачу нагнітання, накидання на вентилятор чи конкретне докопування - я просто блокую (якщо ця функція є) або йду геть. Часом, пройти повз - це найкраща стратегія.