У 1956 годзе, перад самай смерцю, Якуб Колас напісаў ліст у ЦК КПБ аб стане беларускай мовы. Вашай увазе некалькі фрагментаў:

Найвялікшым духоўным багацьцем народа зьяўляецца яго мова. У мове адлюстроўвалася гісторыя народу, яго працоўнае жыцьцё, яго барацьба, яго смутак і радасьць, яго прырода, яго любоў і гнеў.

 Установы сталіцы вывелі з абыходку беларускую мову: на ёй не вядзецца перапіска, на ёй не гавораць з наведвальнікамі, у гарадах няма беларускіх шыльдаў і надпісаў, мала беларускіх афіш і плакатаў. Сьмешна сказаць, але, праехаўшы Мінск, кавалак Слуцкай шашы на працягу 30 кіламетраў, я не ўбачыў ніводнага беларускага слова. Толькі ў Русінаве на дасьледчай бульбяной станцыі знайшлося два пачарнелыя ад часу надпісы: “Кузьня” і “Сьвіран”. Дый то, відаць, яны былі зроблены ў 30-х гадах, да рэформы правапісу, бо пасьля мяккіх зычных у іх стаіць мяккі знак.

Большасьць жа нашых вучоных – беларусы, і мову яны ведаюць, але ёю не карыстаюцца. У іх адрас і накіраваны гэты папрок. Бо хіба можа быць сур’ёзнае разьвіцьцё навукі, калі вучоныя не хочуць паважаць мовы народа, на зямлі якога яны працуюць? Саюзы кампазітараў і мастакоў таксама адмовіліся ад свае мовы. Ну, няхай у іх іншыя сродкі выражэньня думак і пачуцьцяў, не моўныя. Аднак зрабіць уклад у нацыянальнае мастацтва і музыку, не ведаючы мова народа, немагчыма. Мова – важнейшы элемент нацыянальнай формы, не ведаючы яе, не карыстаючыся ёю, ні мастак, ні кампазітар не здолеюць валодаць усімі духоўнымі багацьцямі народа. Беларускую мову можна пачуць у тэатрах і па радыё. Але што гэта за мова? Гэта непрыхаваны зьдзек над ёю. Артысты і дыктары парушаюць элементарныя правілы вымаўленьня, пастаноўкі націскаў, мова засьмечана мноствам скажоных слоў-калек, няўдала запазычаных з рускай мовы. Адбываецца гэта таму, што артысты, работнікі радыё, журналісты, газетчыкі не карыстаюцца мовай у побыце. Пераклады газетных артыкулаў і матэрыялаў радыё даручаюцца машыністкам і малаграматным людзям. Адкуль жа тут узяцца добрай мове?

Студыя “Беларусьфільм” здымае фільмы на рускай мове, а потым дубліруе іх на беларускую. Такім шляхам нацыянальную кінематаграфію не створыш. Дарэчы, дубліраваныя фільмы не зьяўляюцца на экранах сталіцы, дзе і як яны ідуць, невядома.

Што ж мы маем у галіне нацыянальнай асьветы? У вузах, тэхнікумах, школах выкладаньне не вядзецца па-беларуску, наша мова выкладаецца кепска, так, што робіцца нялюбым прадметам. Беларускіх школ мала, яны разьмешчаны на ўскраінах, у горшых будынках, у горшых умовах, як бы сумысьля, каб малыя дзеці насельніцтва не маглі дабрацца туды.

Пратэставаць супраць роднай мовы, з аднаго боку, могуць людзі па неразуменьню, а з другога – нашы ворагі

У пэўны час – ці трэба тлумачыць, калі і чаму гэта было? – вялікая група інтэлігенцыі перастала карыстацца сваёю мовай. Абазвацца па-беларуску тады – значыла зарабіць ярлык нацыяналіста (...) баючыся быць пакаранымі без віны, людзі пакідалі гаварыць па-беларуску, а потым, натуральна, пакрысе і забывалі мову.

Выкладаньне самой мовы і асноўных прадметаў на ёй справа не цяжкая. Кадры ёсьць, падручнікі ёсьць – трэба толькі паваротлівасьць міністэрства. Вядома, што колькасьць беларускіх школ павінна быць павялічана і ўмовы ў іх павінны быць добрымі.
Ілюстрація