Нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША, лідар вызваленчага паўстання 1794 года, дысідэнт — вось кароткі набор характарыстык, якім звычайна начыняюць аповед пра Тадэвуша Касцюшку. І гэта не перабольшанне, якім традыцыйна дапаўняецца апісанне любой гістарычнай постаці: Касцюшка сапраўды выдатны герой для жаночага рамана — рэкламшчыкі могуць выкарыстоўваць яго партрэт замест раскручанага Бандэраса. Дадамо трошку вострых характарыстык: акрамя ваенных заслуг на радзіме і ў замежжы, Тадэвуш паспяваў шчыраваць на ніве любоўных спраў: аднойчы рызыкнуў збегчы з дачкой свайго працадаўцы, за што добра атрымаў. І з’ехаў за мяжу падалей ад граху. Але пра ўсё па парадку.
Ілюстрація
Партрэт працы Карла Готліба Швайкарта, каля 1802
1766 год. Амбітнаму Касцюшку спаўняецца 20 гадоў, ён заканчвае кадэцкі корпус у Варшаве і ўключае на поўную юнацкі максімалізм: наперадзе малюецца паспяховая будучыня ваеннага. Ставім тысячу долараў, што сучасны Тадэвуш быў бы рады закону пра адтэрміноўку — яго хлебам не кармі, дай трапіць у армію. І хлопец быў цалкам упэўнены, што атрымае французскую стыпендыю на вучобу сваёй мары. Рэальнасць жа ў Францыі аказалася іншай: не маеш адпаведнага грамадзянства — вымушаны пагаджацца на тое, што даюць. Хлопцу дазволілі навучацца толькі ў Акадэміі жывапісу. Ён засмуціўся, але супраціўляўся не асабліва. Ваенную ж справу таксама не кінуў і пайшоў займацца ў Французскай ваеннай акадэміі.

Не будзем хлусіць: у Касцюшкі ўсё ж была магчымасць пазмагацца — Рэч Паспалітая чакала сваіх герояў, калі краіну драбілі на кавалкі. Такіх Тадэвушаў на радзіме ў той час не было. Але пачакаем з асуджэннем: па шчырасці, Польшчу i ВКЛ тады не абараняў ніхто.
Ілюстрація
В. Коссак "Прысяга Касцюшкі на рынку ў Кракаве"
Вяртанне блуднага сына на радзіму здарыцца толькі ў 1774 годзе. Але ў роднай арміі для Касцюшкі не застанецца месца, і ён трапіць на пасаду выхавальніка ў хатняй гаспадарцы Юзафа Сасноўскага. Потым будзе спроба збегчы з яго дачкой, пакаранне за дзёрзкасць і вяртанне ў Францыю.

Хутка Тадэвуш даведаецца пра Амерыканскую рэвалюцыю, адплыве ў Паўночную Амерыку і стане ваяваць за незалежнасць ЗША. Калі казаць коратка пра яго тамтэйшыя заслугі, то ён умацуе ўсю Філадэльфію і нават натхніць Джорджа Вашынгтона на сучасны сцяг ЗША, паказаўшы герб Сандамірскага ваяводства. Па меншай меры, пра апошняе ходзяць упэўненыя чуткі.
Ілюстрація
У Амерыцы наш зямляк атрымае званне генерала, да гэтага — 250 гектараў зямлі і больш за 12 тысяч долараў. Прычым скіруе ён іх не на юнацкае бунтарства, а завяшчае аддаць на адукацыю былых рабоў. Гэтаму высакароднаму памкненню не было наканавана ажыццявіцца: ахвотніка займацца завяшчаннем Касцюшкі доўга не знаходзілася. Толькі праз доўгі час грошы Тадэвуша ўсё ж пайшлі на заснаванне навучальнай установы для афраамерыканцаў.

Амерыка адбывалася з Касцюшкам за чатыры гады да сойма, які вырашыць павялічыць польскае войска да 100 тысяч чалавек. З гэтага моманту ў жыццё Тадэвуша ўвойдзе шчасце: ён вернецца на радзіму і ўзначаліць польскую брыгаду.

Здаецца, жыццё наладжана: жыві, аддана служы радзіме і радуйся. Але гісторыя памятае, якім быў гэты час для Рэчы Паспалітай. У 1772 годзе шляхта ўтворыць Таргавіцкую канфедэрацыю. Звестка пра здраду караля, які стаў на бок таргавічан і літаральна падарыў краіну Расіі, стане апошнім ударам для Касцюшкі — ён з’едзе ў Францыю, дзе стане паважаным грамадзянінам.

Другі падзел Рэчы Паспалітай усё ж адбыўся ў 1793 годзе. Спадзевы прадухіліць падзелы краіны былі толькі ў 15-тысячнай арміі Тадэвуша. Да гэтага часу кемлівы хлопец паспеў заваяваць давер маладых салдат, якія абвясцілі яго начальнікам узброеных сіл. І напачатку сапраўды здавалася, што ўсё ў іх можа атрымацца. Толькі ў планы, як гэта заўсёды бывае, умяшалася жыццё: армія атрымала паразу ў бітве пад Маціёвіцамі, а цяжкапаранены Касцюшка трапіў у палон.
Ілюстрація
Касцюшка, карціна Юліуша Косака
Далей было зняволенне ў Петрапаўлаўскай крэпасці, вызваленне па загадзе імператара Паўла I і наступнае разнявольванне ў ЗША. 
Ілюстрація
Ян Дамель, "Павел I наведвае Касцюшку ў вязніцы»
Менавіта там Тадэвуш атрымаў ліст, які літаральна падняў яго, раненага, з канапы. Хлопец ледзь дакульгаў да сярэдзіны пакоя і кінуў генералу Энтані Уолтану Уайту: «Я павінен вярнуцца ў Еўропу!» Што такога змяшчаў той ліст? Інфармацыя насамрэч тычылася наступнага: польскі генерал Ян Дамброўскі і яго салдаты ваявалі ў Францыі пад кіраўніцтвам Напалеона. У той жа час стала вядома, што Талейран шукае грамадскай падтрымкі генерала Касцюшкі ў французскай барацьбе супраць Прусіі. І Касцюшка ні кроплі не вагаўся — рынуўся ў Еўропу, нават нікога не папярэдзіўшы.

Гісторыя распавядае, што ў 1799 годзе ў яго адбыліся дзве сустрэчы з Напалеонам Банапартам — Тадэвуш чакаў, што французскі лідар адновіць Рэч Паспалітую ў першапачатковых памерах. Аднак перамовы паміж мужчынамі да ніякага пагаднення прывесці не маглі. Напалеон лічыў Касцюшку «дурнем, які пераацэньвае свой уплыў у Польшчы», Тадэвуш жа не пераносіў Напалеона з-за яго дыктатуры, называючы «трунарам рэспублікі». Да таго ж наш зямляк канчаткова расчароўваецца ў палітыцы імператара Аляксандра I і пераязджае ў Швейцарыю. Ён пакутуе на дрэннае здароўе і памірае ў Залатурне ў доме свайго сябра Франца Цэлтнера ва ўзросце 71 года, калі пасля падзення з каня ў яго развілася ліхаманка.
Ілюстрація
Паштовая марка Беларусі, 1994 год
Ілюстрація
Помнік Тадэвушу Касцюшку (Золатурн)